
Маргарыта! Яна тады прыехала была ў горад дзён за два перад судом, надвечар. Незнаёмая жанчына паказала ёй, дзе льга за двазлотку на пору спынiцца. (Жанчына набожна перахрысцiлася перад працэсiяй. Труну везлi на сялянскiм возе, i паперадзе гарбаты чалавек у белай комжы нёс крыж). Маргарыта падзякавала жанчыне i купiла ў яе ж з каша шэсць абаранкаў. Ад вакзала iсцi было ёй недалёка. Гэта была нават i не гасцiнiца. У двухпавярховым доме, побач з дзвярыма ў вялiкую краму, спусцiцца толькi ўнiз, а там шырокiя i нiзенькiя вокны, пад самаю столлю, выглядалi на малы скверчык. Гаспадыня адчынiла Маргарыце дзверы ў сцяне з пабяляных цалёвак. Каб гэта не на Маргарыту, дык прытулак гэты мог бы здацца чорным i цяжкiм. Але гэта хто да чаго прывыкне, жывучы на свеце.
Iшоў у той дзень веснавы вецер, i голыя дрэвы на скверчыку гойдалiся i стукалiся голлем. Маргарыта бачыла праз акно iх пнi ля самай зямлi. Пасля падышла яна пад люстэрка на сцяне: "Якая ж я стала худая i страшная".
Знайшла яна мяне тады была ў той самы дзень, калi ў суд хадзiла, не ведала адразу гэтай маёй новай кватэры. Ясныя былi тады ў яе думкi, усё расказвала мне, як прыехала, дзе i як спынiлася, як з каша ў гандляркi абаранкi купляла, як нейкую труну везлi папярок вулiцы.
