унтэр-афiцэра зрабiцца добрым савецкiм начальнiкам, i калi ўдалося ўшыцца ў партыю, дык браць партстаўку цi, прынамсi, дамагацца яе, арганiзоўваць усялякiя закулiсныя авантуры i плёткi, палiтыканства лiчыць за палiтыку, ухiтрацца пускаць усё гэта "па партыйнай лiнii", жыць у вялiкiм горадзе, лавiраваць, каб не папасцi куды-небудзь у глуш, кожны год ездзiць адпачываць на поўдзень (бо вы ж за год працы стомiцеся!), часта мяняць жонак (бо рэвалюцыя ж раскiдала старую сям'ю i дала савецкаму грамадзянiну волю!), псаваць мову беларускай нацыi не вывучэннем яе, а канцылярскай "беларусiзацыяй" на 100 прац., выслужвацца перад начальствам, трубiць усiм у вушы сухiя лозунгi, ператвараючы ў iх жывое слова рэвалюцыi, гаварыць на сходах агульныя, "вытрыманыя на 100 прац.", фразы - от i ўсё. От i iснасць для вас рэвалюцыi. Выгадная штука гэтая рэвалюцыя! Цi ж не праўда? Можна жыць i Бога хвалiць (лепш усяго гэтую старую прымаўку асучаснiць, i каб яна была iдэалагiчна вытрыманая - "можна жыць i рэвалюцыю хвалiць!"). Але вы гэта сябе лiчыце рэвалюцыяй, i ўся ваша "рэвалюцыйная" дзейнасць накiравана на тое, каб гэтая прымаўка гучала на свеце так: "Можна нам усiм жыць i рэвалюцыянера Марынковiча хвалiць". Толькi не для мяне гэтая прымаўка! Я не хачу нiкога хвалiць i не хачу, каб мяне хто хвалiў. На алялюях далёка не заедзеш. Каб я хацеў займацца тратай часу, я мог бы разварушыць i вашу асобу, калупнуць ваша жыццё. Тады паглядзелi б, як бы запахла.

Перад вамi я не апраўдваюся, але патрабую сказаць выразна - у чым жа мая контррэвалюцыйнасць? Няўжо ў тым, што я прапанаваў зусiм не тое, што хочаце вы? Амбiцыя?! Хацеў сарваць ваша i правесцi сваё? Дык што ж, калi я меншы "начальнiк", дык перад вамi не маю голасу? Мне забаронена думаць? Але ж я ўпэўнены, што вы i самi не гэтак думаеце, самi для сябе. Але вам трэба была прычапка, каб памсцiцца мне, каб выжыць мяне адгэтуль. I што ж тады? Тады ўжо нiхто нiколi не будзе перашкаджаць вам, падфарбаваўшыся ў чырвоны колер, прыкрыўшыся рэвалюцыйнымi лозунгамi, сесцi сваiм шырокiм задам на ўсялякую жывую справу. I сядзець так, паводле вашага ж уласнага, нi то жартаўлiвага, нi то сталага, выслоўя: "Як Бог у нiрване". Я каб быў карыкатурыстам, я намаляваў бы вас у нiрване. Як-небудзь паказаў бы шмат усяго жывога, дзейнага, маладога, радаснага. I на ўсiм гэтым паважна супачывае шырокi зад.



2 из 24