
- Я тут курыць не буду, я пайду на двор... Дзе гэта там Вiця забавiўся?
У хаце было прытульна, чыста, прыбрана, але цiшыня i спакой былi страшнейшымi за ўсялякiя варожыя навальнiцы. Сястра глядзела на яго вострым зiркам. I яму, мусiць, шмат чаго хацелася сказаць ёй; губы ў яго трохi падзьмулiся, цераз увесь твар лягла вельмi выразная для адчування i невыразная для слоў рыса. Куткi рота ў яго затрэслiся i вочы пачырванелi. Але ён цвёрда i паважна, як стары, выйшаў з хаты. I калi ён выходзiў, яна прачытала ў вачах i на твары яго: "Усё можна. Заставайся i надалей тут. Не можа быць нядобра там за тое табе, што пасля гэтага тыдня не з'явiшся туды служыць... Перад смерцю мацеры ўсё можна. Усё можна!"
* * *
Над зямлёю стаялi засцiлы марозлiвага паветра.
Вiця нагрэўся пры рабоце, але зверху сухiм холадам хапала за плечы. Цямнела. Вiця iшоў у хату па траскучым снезе. Вострыя плечы яго варушылiся пад тонкiм фрэнчам.
Быў ён сам занадта тонкi паводле росту, белатвары, з жоўтымi кропелькамi рабацiння на высокiм iлбе. Цыбатымi нагамi ён сцiбаў шырока, шмат займаў iмi, iшоў подбегам. Схаваў рукi ў кiшэнi портак i падтулiў плечы, угнуўшыся ўперад. На ганку стаў абiваць з падэшваў прымёрзлы снег.
Ружавеў захад i з другога боку ў чорных дрэвах бялеў месяц. За адкiненымi веснiцамi звiнела пустая цiшыня вулiцы. Сiнявокi Якуб моўчкi выйшаў з сянец, паслiзнуўся на ганку, траха не ўпаў, але адзержаўся i падаўся на вулiцу.
- Куды ты?
- Нiкуды.
На вулiцы Якуб шпарка пераступаў з нагi на нагу, бiў ботам аб бот. Вiця не ўцерпеў з ганка:
- Нашто ты боты рвеш?
- Ногi мерзнуць.
- Дык няхай бы сядзеў у хаце.
- У цябе не папытаю. Вельмi бацька знайшоўся! Прыганяты!
- Дурань, чаго ты агыркваешся!
- Бо чаго ты заўсёды чэпiшся!
- Iдзi ў хату!
- Чаму?
