
Доўгiя-доўгiя годы, цэлыя вякi, жыла пушча згодна i шчаслiва, жыла поўным, багатым жыццём. Але ўсяму на свеце ёсць канец.
На пагорку, недалёка ад рачулкi, стаялi купчастыя лiпы, сярод iх пракiдалiся ярка-зялёныя клёны i высокiя вязы. Летам на iх выспявала насенне. Пад восень, прылятаючы сюды, вецер падхоплiваў яго на свае вольныя крыллi i разносiў па свеце. Панёс раз вецер насенне старой, усiмi паважанай лiпы на другi бок рэчкi; прынёс i кiнуў на мяккi зялёны мох па суседству з асiнай. Асiна прымецiла месцечка, дзе ўпала лiпавае семя, i сумыслу скiнула на яго свой даволi таўсты сухi сук. Сук упаў на насенне i крэпка яго прыцiснуў. А назаўтра поруч з насеннем лiпы асiна кiнула сваё семечка. Пакуль лiпавае насенне выраблялася з-пад асiнавага сука, асiна ўзышла i заглушыла лiпку.
Уся гэтая справа рабiлася на вачах у дзятла, якi дзёўб тут засохшы верх старой хвоi. Дзяцел пераляцеў рэчку, сеў на старую, усiмi паважаную лiпу i расказаў усё, што было з яе насеннем.
- Гэта ўжо не першы раз робiцца так на тым баку рэчкi, - пацвердзiў высокi вяз, пакланiўшыся лiпе.
- Чорт ведае што! - ускiпеў крэпкi граб. - Зусiм не па-дзеравяцку! Цi не ўсё роўна лес? Насенне з таго берага пералятае сюды, i дрэўцы растуць сярод нас. Унь, гляньце: там стаiць бярэзiнка, клёны, арэшнiк - усё гэта нацiснулася сюды з-за рэчкi!
Глуха зашумела пушча зялёнымi верхавiнкамi. Шум перакiнуўся за рэчку, у другую частку лесу. Злосна зашумеў лес па другi бок рэчкi.
- Нам самiм няма тут месца! - бушавала старая асiна, высока ўзняўшы круглы верх. - А яны яшчэ сваё племя сюды перапраўляюць.
- Што казаць! - уторыла вербалозiна.
- Ганi iх адгэтуль! - зашумеў ясень. - Там столькi прастору, а iм яшчэ мала. Дзе самi мы падзенемся?
Доўга шумеў стары лес, падзялiўшыся на дзве часткi, доўга гаманiлi дрэвы; вялiкае нездаваленне i гнеў чулiся ў гэтым гомане.
Каля самых берагоў рэчкi, з аднаго i другога боку, стаялi чародамi алешыны. Напрадвеснi, калi ў лесе яшчэ ляжаў тоўсты пласт снегу, а рэчка была пад лёдам, кiдалi алешыны свае цёмныя зернеткi на лёд, каб вясною вада разам з лёдам панесла iх i пасеяла на сваiх берагах на краi лесу, дзе было многа прастору.
