СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ. У вас свая праца, у нас - свая.

НАМЕСЬНIК СТАРШЫНI ГАРСАВЕТУ (у позiрку, далiкатна кажучы, нялюбасьць да вiзытантаў, а разам зь ёю - нямоглая злосьць: такога ў жыцьцi тав. Камарова яшчэ не было). Кто вы такие?

ПАЭТ I БАРД. Я - сябра сойму БНФ Сокалаў-Воюш.

НАМЕСЬНIК СТАРШЫНI ГАРСАВЕТУ (махае рукамi). Кто вас не знает!

СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ (сувора). Спадар Камароў, нам трэба ключ ад выхаду на дах.

НАМЕСЬНIК СТАРШЫНI ГАРСАВЕТУ (падазрона пазiраючы на карэспандэнтку). Чем вы там будете заниматься?

СЯБРА ПАЭТА I БАРДА. Уздымаць Дзяржаўны сьцяг.

НАМЕСЬНIК СТАРШЫНI ГАРСАВЕТУ. Будет команда, тогда и вздымем.

АЎТАР (залiшне пафасна). Спадар Камароў, мы ведаем, што вы гэты сьцяг ненавiдзiце, але празь 10 хвiлiнаў ён будзе вiсець над вашым кабiнэтам.

НАМЕСЬНIК СТАРШЫНI ГАРСАВЕТУ. Кто вы такой?

Аўтар прадстаўляецца.

НАМЕСЬНIК СТАРШЫНI ГАРСАВЕТУ. Вы вообще не полочанин и не имеете права здесь находиться.

АЎТАР (нахабна). А вы мяне дэпартуйце.

НАМЕСЬНIК СТАРШЫНI ГАРСАВЕТУ. Вы - хулиганы!

СЯБРА ПАЭТА I БАРДА (з адценьнем злараднасьцi). А вы не выконваеце пастановы Вярхоўнага Савету.

Пяцёра вiзытантаў выходзяць. Тав. Камароў лiхаманкава хапаецца за тэлефон.

2-Я ДЗЕЯ

Загаджанае галубамi гарышча. Кавалак нейкага транспаранту са словамi "Дадим больше..."

Старшыня рады БНФ разам з паэтам i бардам вылазяць праз вакенца на дах. Паэтаў сябра i аўтар сядзяць, прыкрываючы тыл, на гарышчы. Карэспандэнтка застаецца ўнiзе перад будынкам.

Бальшавiцкi сьцяг паўзе долу. Карэспандэнтка занатоўвае гiстарычную падзею ў запiсной кнiжцы. Пад'яжджае варанок з нарадам мiлiцыянтаў, якiя кiдаюцца да карэспандэнткi.

ПЕРШЫ МIЛIЦЫЯНТ. Где здесь поднимают фашистское знамя?



2 из 4