
На палавiне вайны ваяваць збольшага навучылiся; навучылiся таксама хiтраваць, вадзiць за нос начальства. Мабыць, без таго ды iншага пражыць на вайне было немагчыма. Запомнiўся выпадак пры наступленьнi, калi мой гарматны разьлiк апынуўся побач з варонкай, у якой сядзеў камандзiр батальёна капiтан Андрэеў. Гэты ня надта зухавы, штацкага выгляду камбат на вайне зорак зь неба не хапаў, хоць увогуле ваяваў ня горш за iншых. Седзячы ў варонцы з ардынарцамi i сувязiстамi, ён кiраваў боем за недалёкую вёску. Справа наступалi суседзi. Камандзiр палка няспынна патрабаваў па тэлефоне дакладаў, i Андрэеў, глытаючы нешта з пляшкi, бадзёра дакладваў: "Прасоўваюся пасьпяхова... Спрабую зачапiцца за паўночную ўскраiну... Ужо зачапiўся... Зьбiваю баявы заслон..." Ягоныя роты, мiж тым, спакойна ляжалi сабе наперадзе ў полi пад рэдкiм мiнамётным агнём зь сяла, i я думаў: як жа ён апраўдаецца, калi раптам сюды завiтае камандзiр палка? Але, мабыць, камбат лепей за мяне ведаў звычаi камандзiра палка i не баяўся ягонага хуткага вiзыту ў батальён. А надвячоркам недзе прасунулiся суседнiя батальёны, i немцы пакiнулi паўночную ўскраiну вёскi, якую спрытненька заняў батальён Андрэева. Як сьцямнелася, камбат сустракаў камандзiра палка i бадзёра дакладваў пра ўдалую атаку, якой не было. Але камандзiр палка, здаецца, быў задаволены. Напэўна, я так думаю, ён падобным чынам дакладваў вышэй, у дывiзiю, а адтуль дакладвалi ў корпус. Такi быў няпiсаны парадак, якi задавальняў усiх. А ўвогуле, гэта было больш сумленна i разумна, чым па безгаловай камандзе атакаваць моцнага працiўнiка, трупамi ўкладваючы поле. Ведама, у маральных адносiнах учынак камбата выглядаў не бездакорным, але ў вайсковых умовах, мабыць, было не да маралi. Заплянаваная ў вышэйшых штабах апэрацыя нярэдка прымяркоўвалася да канкрэтных тэрмiнаў (гадавiны Кастрычнiка, Дня Чырвонай Армii, дня нараджэньня таварыша Сталiна, iншых знамянальных датаў), i большую частку часу, адведзенага на яе падрыхтоўку, выдаткоўвалi тыя, хто яе распрацоўваў.
