"Драбязу бярэ. Можна i з вудай браканьерыць. Трэба сказаць яму". Але не сказаў, паленаваўся. Хацелася павалiцца ў траву i глядзець у неба, дзе гусцеюць перыстыя аблокi. Сонца яшчэ прабiвае iх, але расплылося, як... яйка на скавародцы. Чужы стары вобраз. Лiха з iмi, з гэтымi вобразамi. Зноў дасцiпныя крытыкi будуць лавiць у яго блохi. Алах з iмi! Не кожны пiша метафарамi. Цяжка чмякнула нешта ў траве збоку.

- Глядзi! - Гукан трымаў у руцэ вялiкага акуня, i твар яго ззяў ад шчасця.

Шыковiч засмяяўся. Успомнiлася французская кiнакамедыя, эпiзод, дзе ў спаборнiцтве рыбаловаў рыба бралася толькi на кручок браканьера - героя фiльма.

Кiрылу заўсёды смяшыла наiўнасць, хлуслiвасць i радасць рыбакоў i паляўнiчых. Паважаныя сур'ёзныя людзi, узяўшы вуду i стрэльбу, ператвараюцца ў дзяцей i мюнхгаўзенаў. Мiж тым Гукан дастаў з кiшэнi прыладу накшталт маленькага пiсталета, выцягнуў з дула стужку рулеткi i змераў даўжыню акуня. А пасля гэтай жа прыладай зважыў рыбiну. Кiрыла глядзеў на яго ўжо без iронii, без смеху, а з нейкiм нават захапленнем: "Ух, чорт! Вось гэта акуратнасць!" Твар Гуканаў, якi быў расплыўся ад усмешкi, зноў выцягнуўся, калi ён сказаў:

- Восемсот грамаў. Думаў, больш будзе.

Але ўвогуле яго, вiдаць, задаволiла рыбацкая ўдача. Ён раптам сеў пад вярбой. Дзiўна сеў, высока, на ўзровень падбародка, падняўшы вострыя каленi. На правае калена палажыў вудзiльна.

Шыковiч убачыў, што вакол паплаўка ходзяць акунькi, i залюбаваўся iх гульнёй.

- Чым, iнжынер чалавечых душ, думаеш парадаваць у блiжэйшы час?

Кiрыла не любiў нi гэтага звароту, якi замусолiлi да агiднасцi, нi гэтага шаблоннага пытання. Але адчуў, што Гукан мiмаволi зрабiў добрую зачэпку для размовы, дзеля якой i запрашаў яго.

- Хачу вярнуцца да падполля. - Ён знарок не паварочваўся, але ўсё адно адчуваў на сабе доўгi пiльны позiрк старшынi гарсавета.



19 из 429