Ткачы, мне падаецца, нарадзiлiся ад сатанiнскага сэксу. Ткачы проста ня ўмеюць думаць. Яны жывуць рэфлексамi. Для iх не iснуе нiякiх тармазоў.

Сусьветная гiсторыя сьведчыць, што ткачы масава зьяўляюцца падчас пэўных грамадзкiх узрушэньняў. Яны гуртуюцца ў паўвайсковыя аддзелы, падобныя да зграяў шакалаў. Прычым, разабрацца, хто ў iх галоўны - немагчыма, бо нiякай формы яны ня носяць, ня кажучы ўжо пра пагоны й пятлiцы. Здаецца, што й загадаў нiхто ў iх асяродзьдзi не аддае. Вiдавочна, загадам для iх робiцца тая мэта-задача, якая патрапляе ў iх галовы. Больш агрэсiўных i дэструктыўных людзей цяжка ўявiць. Яны на вялiкай адлегласьцi адчуваюць ворага. Найбольш iх разражняе што-кольвечы разумнае й мудрагелiстае. Першымi сваiмi ворагамi яны лiчаць рознага кшталту "мудрацоў". Няма чаго думаць i балбатаць, - кажуць яны, - трэба дзейнiчаць. За галоўную абразу сярод iх уважаецца слова "прафэсар".

Ведаючы, на што здатныя ткачы, я не выходжу на вулiцу без газавага пiсталета. Сябры мне прапаноўвалi сапраўдны "вальтэр". Я адмовiўся. Усё адно забiць чалавек я няздольны. Навошта "вальтэр", калi й "газавiк" падобны да сапраўднага. Напужаць ткача я магу i iм. Нiколi раней не паверыў бы, што прызвычаюся да гэтае "цацкi" й нават палюблю яе. "Газавiк" мяне ратуе. Ня столькi ў фiзычным пляне, колькi ў духовым. Бо лепш баранiцца, чым, абмiнаючы небясьпеку, прыстаўляцца, выдаваць сябе за свайго, за ткача. Удаваць я ня ўмею.

Часам я чую ад ткачоў слушныя словы. Але яны падобные да пажухлае лiстоты. У iхнiх словах няма жыцьця. Слушнасьць не бывае вечнай цi хаця б доўгатэрмiновай. Прамоўленыя сёньня слушныя словы, заўтра становяцца зусiм няслушнымi й нават хлусьлiвымi. Ткачам гэта цяжка зразумець.

Раней я спрабаваў ткачам нешта давесьцi, патлумачыць. Але хутка пераканаўся ў марнасьцi маёй асьветнай дзейнасьцi. Яны ўпарта стаяць на сваiм. Усё кепскае, што надараецца ў краiне, яны тлумачаць наступствам змовы. Ня цяжка здагадацца, хто вiнаваты ў тых змовах.



2 из 3