- Ну ж, гад! Не дажджэ тваё лiха! - скрозь зубы цэдзiць Паўлюк i варочаецца на другi бок.

- Мамка! - крычыць дзесь у кутку малы хлопчык, сын Паўлюка: - я скочваюся; цi няма чаго палажыць збоку?

- Злезь, сынок, пашукай каля печы палена i падлажы пад сеннiчок, адзываецца з-пад лахманоў мацi.

Паўлюк сярдзiта варушыцца на пасцелi i стогне, як звязаны стары маркач, якога стрыгуць. А хлопчык ужо шворыцца каля печы.

- Чорт iх ведае, якiя тут палены! - бунтуецца хлопец: - усё нейкiя так плашкi. Каб дзе знайсцi крыху таўшчэйшае.

- Пайшоў спаць! Сну на цябе няма! - не вытрымлiвае Паўлюк i падымае галаву, а сын, узяўшы палена, шыбуе ў запек i грукае паленам на ўсю хату.

Паўлюк успамiнае Сучынскага i ад злосцi скрыгiча зубамi.

- Што ты, Паўлюк, скрыгiчаш? - пытае, лежачы збоку, жонка.

- Нешта, падла, зуб заныў, - лжэ Паўлюк, каб адчапiцца, i варочаецца ад жонкi ў другi бок.

- А ты вазьмi сцюдзёнай вады, там каля парога стаiць на палене, - радзiць Паўлюку жонка.

- Спi лепей! - сцяўшы зубы, гаворыць Паўлюк.

Патрошкi ў хаце ўсё зацiхае, i салодкi сон усiм змыкае вочы. Адны толькi насы зайгралi цяпер на ўсе галасы. Адзiн нос тоненька высвiстваў:

- Э-ге! Э-ге!

Другi жаласна ныў, як малады каршун у гняздзе:

- Фю! Фю!

Нос самога Паўлюка граў тоўста, з лёкатам i перабоямi, як бусел над маладымi буслянятамi. Так i вiдаць было, што гэтак можа iграць толькi гаспадарскi нос.

Паўлюк спаў, але i сплючы не мог ён пазбавiцца ад праклятага палена. Прыснiўся яму сон. Здаецца, едзе ён з лесу, вязе дровы. Спатыкаецца Сучынскi, i Паўлюк, многа не гаворачы, падыходзiць да аб'ездчыка i - трах яго па мордзе! Завязалася бойка. Пакацiлiся яны абодва на зямлю, аб'ездчык, кiдаючыся, навалiўся Паўлюку на ногi. Паўлюк хоча iх выслабанiць i не можа: замест Сучынскага зрабiўся тоўсты кругляк. Паўлюк мардуецца, вырабляецца; спацеў увесь, робiць апошняе натужэнне, моцна варушыць нагамi.



2 из 9