Выпiлi адну поўпляшку, выпiлi другую, развязалiся языкi, з'явiлася i рызыка.

- Ну, што ж? - гаворыць Мiкiта стражнiку: - ты з намi пiў, стаў цяпер i ты.

- А ты знаеш, з кiм ты гаворыш? - пытае стражнiк.

- Даволi зiрнуць на тваю мардасiну, каб ведаць, якая ты штука, - адказвае Мiкiта, падпёршы рукою левы бок.

Слова за слова, завязалася сварка, а потым i бойка. Стражнiк хацеў хапiць шаблю, але Пятрусь, як абцугамi, сцiснуў яго за плечы.

- Нiчога не паможа табе гэта трапло, - гаворыць Пятрусь, ды разам з Мiкiтам павалiлi яго на зямлю i давай мясiць. Збiлi на горкi яблык. А Мiкiта яшчэ адрэзаў рамень ад шаблi, сказаўшы:

- Добра будзе вушкi паўстаўляць у лапцi.

Паўлюк слухаў, не прапусцiўшы нiводнага слова.

- I суда не будзе?! - спытаўся ён.

- Якi суд? Чалавек ты! Пабiлiся п'яныя, от i ўсё, - гаворыць сусед.

Выслухаўшы расказ суседа, Паўлюк павесялеў: яму прышла ў галаву мысль, якую ён так доўга шукаў i не мог знайсцi.

V

Спосаб быў знойдзены.

Цяпер застаецца залучыць на кiрмашы аб'ездчыка, завясцi яго куды-небудзь да Хацкеля цi Каца, напаiць, i тады можна будзе парахавацца.

У першую нядзельку адлажыў Паўлюк поўрубель грошай на гарэлку, якую ён вып'е з Сучынскiм, запрог конiка i ўжо сабраўся ехаць. Неспакойна трохi было на сэрцы ў Паўлюка, дый злосць яго стала праходзiць, i ён гатоў ужо быў плюнуць i на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму аб'ездчык, i на самога аб'ездчыка. Але, як ён выязджаў з двара, жонка, выткнуўшыся з сяней, гаворыць да яго:

- Зайдзi, Паўлюк, у ляснiцтва i вазьмi асiгнату*, бо скора не будзе чым выпалiць у печы: скiнулi ж табе на каморы дровы.

* Асiгната - талон на вываз дроў.

Як шылам парнулi Паўлюка гэтыя дровы.

- Але! Гэта ж i я забыўся, што дроў няма нi палена, - сказаў Паўлюк i ўзяўся за кiшэню: абмацаў поўрубель, завязаны ў анучыну, той поўрубель, якi прызначаны быў споўнiць такую важную задачу.



5 из 9