
- А правучыць гада не шкодзiць! - закончыў Паўлюк раздуму аб Сучынскiм i грозна пагнаў конiка.
VI
Яшчэ за поўвярсты ад мястэчка Паўлюка сустрэла гандлярка з трыма пеўнямi пад пахай i запытала:
- Чалавек! можа маеш што на продаж? Паўлюк толькi зiрнуў, але нiчога не сказаў. З усiх бакоў у мястэчка паўзлi, як мурашкi, фурманкi i везлi розныя тавары. Усё места было ўжо застаўлена вазамi. Мiж гэтых вазоў прабiраўся Паўлюк да свайго зямляцтва. Там было ўжо многа мужчын i жанок з iх сяла. Залажыўшы ў кiшэнi рукi, з люлькаю ў зубах, стаяў каля сваiх саней Антось Дубок, голасна гаварыў, рагатаў раскацiстым смехам i ўсякаму, хто з iм не згаджаўся, смела кiдаў:
- А ну, давай заложымся!
Але ахвотнiкаў iсцi з iм у заклад не было, а некаторыя проста раiлi Антосю Дубку залажыць за губу рэч не надта самавiтую.
- Во! - весела крычаў Антось: - збаяўся! - i, выставiўшы жывот-ночвы, закiдаў угару галаву i зноў рагатаў.
Паўлюк спынiўся, выпраг каня, павесiў яму торбу з сечкай i азiрнуўся. Народу было поўнае места, але сапраўдны торг яшчэ не пачынаўся. Увесь рынак можна было падзялiць на некалькi малых рынкаў. Кожная вёска займала асобнае месца, куды i прывозiла свае тавары. У адным месцы стаялi вазы з цэбрамi, ражкамi, поўасьмiнамi; у другiм - з дрывамi, дошкамi; у трэцiм - з iльном, у чацвёртым - са збожжам. Сярод рынку стаялi гаршкi, мiскi, збаны, лыжкi; тут жа дзе-небудзь раскладаў свой тавар багамаз, якi таргаваў абразкамi i кнiгамi.
Людскi гоман, пiск свiней, парасят i ўсякай жывёлы злiваўся ў адзiн нястройны гул. Там i сям вiднелiся сiнiя шапкi i чырвоныя шнуры*.
* Маюцца на ўвазе палiцэйскiя.
Торг памалу пачынаў ажываць. Мiж вазоў шворылiся розныя купцы i перакупшчыкi. То там, то сям стаялi кучкi гандляроў i сялян. Адзiн сiвабароды гандляр так заядла таргаваўся, так выкрыкваў i бiў сябе кулаком у грудзi, як бы яму зрабiлi кроўную крыўду. Каля крам хадзiла некалькi жанок, шукаючы сваiх мужыкоў. То адна, то другая пыталася сваiх знаёмых:
