(Тут Робэртавы вусны ад вуха да вуха расплылiся ў недаверлiвай жамчужнай усьмешцы, - маўляў, так не бывае.) Апрача таго, ты мог бы даволi ўпэўнена пагаварыць зь iм пра дзяцiнства Валодзi Ўльлянава альбо адбарабанiць з паўсотнi сказаў пра ўсталяваньне савецкае ўлады ў Закаўказьзi. Тэкст пра сiмбiрскага хлопчыка Вову, што так жорстка адпомсьцiў за старэйшага брата, навечна, як цьвiк у труну, умалацiла табе ў галаву школьная настаўнiца Генрыета Залманаўна Бляхер, а артыкул пра перамогу бальшавiкоў за Каўкаскiм хрыбтом ты чатыры ўнiвэрсытэцкiя гады з сэмэстру ў сэмэстар здаваў цiхай вар'ятцы, якой патрэбныя былi спакой i пэнсiя, але якая на сваё й вашае няшчасьце даводзiлася сястрою прарэктару, i таму ты ўдасканальваў сваю ангельскую пад ейным кiраўнiцтвам i, калi раптам зьбiваўся ў даўно вывучаным на памяць тэксьце, хор тваiх таварышаў - яны ведалi твой артыкул ня горш, чым ты iхнi, бо здавалi "тысячы" па той самай мэтодзе - пачынаў суладна гудзець: "джорджыян меньшевiкс... арменiян дашнакс... азербайджан мусавацiстс..."

Бывай, бэрлiнская аматарка беларускае лiтаратуры, што ў музэi Бэртальда Брэхта заклiкала цябе з калегамi не ўчыняць у Беларусi татарскiх ды жыдоўскiх пагромаў i дазваляць расейцам адчыняць расейскiя школы, не ўяўляючы, што апошнi за паўсотнi гадоў "пагром" быў у Беларусi пазалетась, калi аднае начы "чтобы не рыпались" - у Менску паграмiлi рэдакцыi беларускiх выданьняў.

Бывай, мiлая фраў Хэдвiг Ноак, а па-наску Ядзьвiга, у менскiм дзявоцтве Рымашэўская! Вы, пэўна, глядзелi фiльм "Начны парцье" й самi ведаеце, што вам выпаў лёс, шчасьлiвейшы за лёс кiнагераiнi, якую гэтаксама пакахаў у канцлягеры нямецкi афiцэр - бо ваш афiцэр не дарыў вам на Каляды адрэзаных галоваў, а выратаваў вас зь лягеру i ўратаваўся ад суду за гэты ўчынак сам, зрабiў вас сваёй жонкаю й стаў бацькам вашага сына. Вiдаць, i цяпер, у лепшым сьвеце, ён цешыцца, што вам пасьля ўдаўства пашанцавала й на другога нямецкага мужа, якi сам вычытаў у газэце абвестку аб прыезьдзе нейкiх там беларускiх пiсьменьнiкаў i за сотню кiлямэтраў прывозiў вас на сваiм "BMV" на кожную сустрэчу зь землякамi, а пасьля частаваў iх у рэстаранчыку, за сьцяной якога спачывае прах Гегеля й фiхтэ.



7 из 8