
Ну i рад жа быў Калыханчык! Кармiў сваiх дзетак, пазiраў на iх, цешыўся iмi. Калi дзецi трохi падраслi i пачалi шчабятаць, бацькi селi на страсе каля свае хаты. Яны адчувалi сябе шчаслiвымi: дзецi iх раслi, гадавалiся, дужэлi i былi разумныя. Сярод iх былi тры хлопчыкi i дзве дзяўчынкi. Называлiся хлопчыкi так: Чы-Лiн, Чын i Чук, а дзяўчаткi - Чуча i Жычка.
II
У Калыханчыка i яго жонкi былi не толькi радасцi, - быў у iх i клопат, i трывога. Iх дзецi сталi падрастаць i ўваходзiць у сiлу. Iм ужо было цесна ў бацькавай хаце, iм хацелася на свет, на прастор, на волю. Таксама хацелася i сiлу сваiх крылляў папрабаваць. Асаблiва неспакойным, жывым i праворным быў Чы-Лiн. Але на гэтым прасторы было многа небяспекi. Нядаўна сюды залятаў ястраб. Ён чуць-чуць не злавiў ластавачкi i не задраў курачкi. I толькi храбрасць пеўня Цiпа выратавала няшчасных, бо Цiп у час крыкнуў так моцна, што на яго крык выбегла гаспадыня i прагнала драпежнiка.
Параiўшыся з жонкаю, Калыханчык падляцеў да гнязда i сказаў:
- Дзецi, дзецi! Цiха сядзiце! З хаты не вылазiць, калi нас няма, а то пахапае вас ястраб.
- Няхай толькi папрабуе! - адказаў бацьку Чы-Лiн.
Калыханчык засмяяўся ад радасцi, што мае такога смелага сына. Ён пацалаваў яго ў самую дзюбку i маланкаю памчаўся ў каноплi. Застаўшыся дома, Чы-Лiн нядоўга сядзеў спакойна. Ён далёка высунуў з гнязда галаву.
- Хачу ляцець! Хачу ляцець! - крыкнуў ён i высунуўся яшчэ больш.
Певень Цiп, пачуўшы гэта, строга перасцярог:
- Куды? Куды?
Чын i Чуча схапiлi неспакойнага брата дзюбкамi за лапкi i не пускалi, а ён крычаў:
- Пусцi! Пусцi!
Вызвалiў лапкi i паляцеў... Але не ўгору, а ўнiз, няспрытна перабiраючы крыльцамi.
