
- Працуйце, - кажа, - на мяне. Бо толькi за вашым гарбом i можна пажыць.
Працуюць браты i Хваробу носяць сваю. Таўсцее Хвароба, а браты сохнуць.
- Няма, брат, здароўя! Не дабрыцца нам, - скардзiцца Ўсход.
- Няма, браце, нi здароўя, нi дабра, - абзываецца Захад.
- Трэба ратунку шукаць.
- Трэба, браце, шукаць.
Цяжкае жыццё пачалося для братоў: трэба было насiць у сабе Хваробу i кармiць яе. Пачалi браты па знахарах, па шаптухах хадзiць. Хадзiлi, хадзiлi, ды нiчога не выхадзiлi. Сядзiць у iх Хвароба, сокi з iх цягне, жылы iм скручвае.
- Не, брат, - кажа Ўсход, - не памагаюць знахары.
- Не памагаюць, браце, - абзываецца Захад.
- Папрабуем хiба да святых таўкануцца.
- Папрабуем, браце.
Пайшлi яны па цэрквах ды па касцёлах хадзiць, падлогу лбамi бiць, папоў ды ксяндзоў на дапамогу клiкаць. Папы ж i ксяндзы з тою Хваробаю аднае пароды.
Адно казалi яны:
- Малiцеся Богу i цярплiва нясiце свой крыж: на тым свеце вам усё будзе вернута i заплачана ўстокраць.
I распiсвалi яны "той свет" папоўска-ксяндзоўскiмi фарбамi. Браты слухалi ды патылiцы чухалi. Рай - то рай, але ж i крыж цягаць не вялiкае шчасце.
Не супакоiлiся браты, бо цяжка стала Хваробу насiць. I разышлiся яны на некаторы час, дактароў i лекаў шукаючы.
Прайшло некалькi гадоў. У той час, калi Захад ужо страцiў надзею вылечыцца ад хваробы, да яго прыйшоў лiст ад Усходу. "Брат Захад! - пiсаў Усход. - Я зусiм здаровы i хваробу сваю выгнаў. Знайшлiся на свеце добрыя, сапраўдныя дактары. Яны мне, як па пiсанаму расказалi, што ў нас за хвароба. А каб вылечыцца ад яе, трэба асмелiцца на аперацыю. Аперацыя трохi балючая, але выганяе хваробу. I самы верны струмант пры аперацыi - доўбня i агонь. Стукнуць хваробу па галаве i прыпалiць тое месца, дзе яна сядзела, - нiколi не вернецца. Другой рады няма, а сама хвароба нiколi не выйдзе. Вельмi шкода, што не магу ўсё гэта расказаць табе з вока на вока, бо памiж намi завязаная новая хвароба - Гранiца. Але калi ты адважышся на такую аперацыю, якую зрабiў я, дык гэтая хвароба прападзе сама сабою. Жадаю табе поспехаў. Твой брат Усход".
