
- Сёння дык неспакойны я затым, што ў вас ёсць дзяўчына i завецца яна Дося.
- Што яна табе спабачылася, гэтая дзяўчына, - з адценнямi жарту сказаў ён, - дык я гэта даўно ведаю, адразу ўбачыў тады, як глянуў на цябе. А што ў цябе ад яе неспакой, дык хто ж табе вiнават - зараз жа iдзi на вулiцу, бi па храпе каморнiка, асадзi яго к чорту - i справе канец.
I ён зарагатаў, але, мусiць, лепш у яго выйшла б, каб ён толькi цiха засмяяўся.
У хаце чуць свяцiла газоўка, старая спала каля печы на шырокай пасцелi. Пахла цыбуля з печы i табака...
Слаўны, пагодлiвы дзень заўтра будзе...
Я пайшоў у папоўскi сад. Стары Гiрш, як i заўсёды, спаў сабе цiха ў саламянай будцы, па садзе таксама хадзiлi, абняўшыся, хлопцы з дзяўчатамi, праз адчыненыя вокны вiдаць было, як iдзе рэпетыцыя да спектакля. Каля стала стаяў настаўнiк у ролi рэжысёра, махаў рукою i нешта расказваў. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабiць рэверанс. Ад гэтага ўсе рагаталi, а настаўнiк злаваў.
За плотам па двары, фантастычна-смешны ў змроку, кацiў поп па няроўнай зямлi пустую бочку...
I вакол кусты слухалi шэпты i былi маўклiвымi сведкамi некаторых спраў.
Стары Гiрш спаў сабе спакойна, а я, не могшы апанаваць разважаннямi, напоўнiўся раптам злосцю да Досi... Прыйшлося пайсцi ў чытальню i выказаць мае некаторыя тэатральныя веды...
Слаўныя вечары!
Гэта восень дыхае вясною.
Падморгвалi зоры зямлi, i зямля маўчала - як бы адчувала яна дзяцiнства ў маладосцi i маладосць у старасцi.
VI
Каржакаватыя хвоi, чырвона-агнявыя асiны i жоўтыя бярозы, i пад iмi шумяць кусты.
Шумяць... Шумяць!..
I ядлоўцам пахне над полем.
Густа паўсходзiла жыта, i ўсё таксама смяюцца яму ясныя днi.
Праляцелi ўжо гусi i жураўлi, чорныя дзiкiя птушкi клююць сакаўную рабiну, i журацца днi над свежай раллёю i над балотнай сухой асакою...
Мы выбiраем познюю бульбу.
