Уласнае шчасце бязроднай Хмаркi (яна не памятала роду) не давала ёй мажлiвасцi прымецiць чужое гора. Ёй здавалася, што ўсе на свеце, як i сама яна, радуюцца i цешацца сваёй доляй. Па гэтай прычыне Хмарка не ведала, якую тугу i жаласць пакiдае яна за сабою на зямлi, з якой прагавiтасцю чакала поле задаволення свае смагi. Унь там, за вёскаю, чуць-чуць калышацца ў межах пажоўклае жыта. Гэта вецер, толькi што абудзiўшыся, пачынае пазяхаць, пацягацца. Бедныя каласкi пiльна прыглядаюцца да Хмаркi. Калi-нiкалi iх ажыўляе надзея ўздужаць з ласкi шчодрай Хмаркi. Але Хмарка iдзе далей, толькi цянёк ад яе праплыве, як здань якая, па жыце, i яно нiкне каласкамi, стаiць, нiкому не скардзiцца, як бы самлеўшы. I сумна рабiлася ўсюды, i нейкая крыўда i жаласць бруiлiся над усiм, што пакiдала Хмарка. Два прыўдалыя конiкi перасталi спяваць i пахавалiся пад лiсток лотацi. Гэта яны спявалi песню ў чэсць Хмаркi, а яна так зняважыла iх.

Пташкi таксама змоўклi, а маленькi ручаёк, здавалася, панёс свой жаль у зямлю пад каменнi, у цень альховых кустоў.

А Хмарка, шчаслiвая, радасная, ясная, як майская ранiца, усё iшла, iшла далей i далей да невядомых краёў свету, i толькi ёй рабiлася крыху сумна, ёй шкода было пакiдаць тыя малюнкi, да якiх ужо прывыкла, але жывая натура гнала яе i гнала, не даючы супачынку. Так iшла яна ўвесь дзень. Пад вечар, як сонейка схiлiлася блiзка да захаду, Хмарка зайшла ў такi край, якi непадобен быў да тых краёў, адкуль яна выбралася ў дарогу.

Перад ёю пачалiся высокiя горы, вярхi якiх пакрывалi адвечныя снягi. Сонейка пачало хавацца за край зямлi, апошнiя стрэлы яго праменняў ахварбавалi яе ў агнявiсты колер i патухлi. Востры холад пустых i жудасных верхавiн дзiкiх гор моцна сцiснуў Хмарку. Яна скурчылася ўся, зрабiлася маленькай i тонкай, знайшла зацiшак мiж гор i спынiлася, прыхiлiўшыся да старой Скалы. Страшна стала Хмарцы.



2 из 4