
- А гэта, шаноўны ветру, цвiркун так спявае, - пачцiва адказала ветру сава-начнiца, пралятаючы на гэты час непадалёку ад хвоi, дзе наладзiў сабе новую эстраду цвiркун.
- Скажыце, калi ласка, - цвiркун! Якi голас! Ды гэта проста - здольнасць, талент! - гаварыў вецер (ён быў у добрым гуморы).
- Так вось i здаецца, - казаў ён далей, - што гэта круцiцца залатое калёсца на маленькай срэбранай восi.
Вецер быў мастак па часцi вобразных выказванняў i крылатых слоў. Апроч таго, ён i сам быў у некаторай ступенi музыкант. Хто не ведае, якiя песнi высвiствае ён у завiруху, якую сам жа наладжвае!
Як бы там нi было, ветравы словы былi пачуты i падхоплены тысячамi галасоў. На досвiтку другога дня яны абляцелi ўсе ваколiцы, бо iх сказаў не хто-небудзь, а сам вецер. I асаблiва пашанцавала "залатому калёсцу i маленькай срэбранай восi". Кацiлiся яны i кацiлiся па ўсёй акрузе. Цвiркун стаў знатнаю асобаю. Аб iм гаварылi, спявалi i шумелi, праслаўляючы надзвычайныя музычныя здольнасцi яго. Да цвiркуна зляталiся птушкi, каб паслухаць песню, музыку славутага музыканта i аддаць яму данiну павагi i захаплення. Каля новай эстрады на высачэннай хвоi мiтусiлiся цэлыя клубкi камароў. Iм таксама хацелася пераняць што-колечы з матываў цвiркуновай песнi, хоць асаблiвых матываў там i не было. Прыляталi да цвiркуна розныя матылькi i машкара, i ўсе яны так цi iначай выказвалi яму павагу i пашану. Цвiркун заганарыўся i звысака пазiраў на розную драбязу. Ён забыўся нават пра сваю ранейшую сядзiбу, пра печ бабкi-бабылкi i пра самую бабку-бабылку. Цвiркун быў на шарнiры, другiмi словамi - у росквiце сваёй славы, i асаблiва закружылася галава яго тады, калi ён даведаўся, што вядомы спявак дрозд прыступае да напiсання манаграфii: "Цвiркун i яго музычная школа". Але ў жыццi нiчога вечнага няма. Ужо адна тая акалiчнасць, што спявак-дрозд не толькi адступiўся ад свайго намеру пiсаць манаграфiю аб музычнай школе цвiркуна, але i лапкi свае абмыў, што гэтага рабiць не будзе, гаворыць шмат аб чым, - проста зразумець трудна. У чым жа тут справа?
