
- Той, што не пячэ.
- А хiба ёсць такi агонь?
Каршун не адказаў, вiдаць было, што ён растрывожаны i болей гаварыць не мае ахвоты.
Можа б, яно i лепей было, каб Каршун зусiм нiчога не казаў, - лепей жыць без страху i трывогi, а памiраць усё роўна калi-небудзь ды трэба. Справа была ў тым, што недалёка гарэў торф!
У першую хвiлiну Хвоя нiчога не цямiла: была як бы аглушана гэтай весткаю. Вецер кожную ранiцу разносiў ва ўсе бакi горкi дым, што збiраўся за ноч над гарэлым тарфяным балотам. I не раз гэты дым затрымлiваўся ў пышнай iглiцы адзiнокага дрэва. То той, то другi - кожны дзень так цi iначай казаў пра няшчасце, пра гэты тарфяны пажар. Ясна было нават i пням, што iх усiх тут чакае.
Хвоiны думкi цяпер кружылiся каля аднаго... I так ёй мiла стала жыццё i гэты свет. Здавалася, з вачэй яе апала пялёнка, i яна першы раз зiрнула навокал.
I нейкi жаль агарнуў адзiнокую Хвою. Ёй шкада стала ўзгоркаў, што беглi ва ўсе канцы. Як прыгожа выглядалi iх зялёныя пакаты! Жоўтыя пясочкi былi такiя ласкавыя, такiя прыветныя... Эх, колькi хараства навокал! I як гэта не бачыла яна раней усяго гэтага! Даўнейшы яе сум, яе нараканне на сваю долю, цяпер у яе ўласных вачах, былi такiя нязначныя i непраўдзiвыя.
А агонь усё блiзiўся, нiклi астатнiя надзеi. Паволi цягнулiся днi трывогi i страху. Сонца высушвала апошнiя сокi з зямлi, i вецер разносiў па свеце яе жальбу - лёгкую, сiняватую смугу...
- Эх, якая сляпая была я, - казала Хвоя, - не ведала цаны жыцця, а пазнала яе тады, калi смерць ужо кiнула цень на мае галiнкi.
- А як табе здаецца, Хвоя, - спытаў вецер, - што лепей: пражыць свой век цiха, спакойна, не пазнаўшы, як мiла жыццё, цi пазнаць яго хараство i вартасць цаной вялiкага няшчасця?
Маўчала Хвоя, яшчэ нiжэй павiслi яе пышныя галiны.
