
Была ранiца. Залатыя стрэлы сонца, рассыпаўшыся па ўсiм свеце, выносiлi новы дзянёк, той дзянёк, якi меў у сабе ўсе рысы самага лепшага лета. Мяккая, роўная, ласкавая цеплыня паволi разлiвалася па зямлi, а разам з гэтым i нейкая радасць уздымалася ў сэрцы тых, хто так цi iначай адчуваў жыццё.
- Сонца ўзышло! - цiха i радасна абвясцiў усход сонца стары дуб на ўзгорку, i яго лiсце ледзь-ледзь задрыжала.
- Сонца ўзышло! - шэптам сказалi дзве хвоi.
Гэтую вестку падхапiлi сiтнякi, чароты, аеры, i праз колькi хвiлiн стала вядома на возеры i на акрайку лесу, што ўзышло сонейка. Рачулка яшчэ далей панесла гэту вестку, i аб усходзе сонейка даведалася кожная красачка, кожная травiнка. Гэта быў незвычайна радасны момант абуджэння прыроды, асаблiва калi ў чыстых кропельках расы заззялi вясёлкi - тысячы, мiльярды вясёлак. Але гэта быў толькi адбiтак усмеху сонца.
Бабка-зялёнакрылка сядзела на чарацiнцы. Яе тоненькае стройнае цельца шчыльна прытулiлася да лiсцiка, малюпасенечкiя кропелькi расы ледзь-ледзь выступалi па крыльцах, i ёй цяжка было паварушыць iмi. Але абагрэла яе сонейка, абсохлi крыльцы. Зусiм ажыла, павесялела зелянушка-бабка, нiбы другi раз на свет нарадзiлася. Яна азiрнулася навокала, - ёй хацелася хоць каму выказаць сваю радасць, сваё шчасце, i калi пралятала тут ластавачка, дык яна не магла стрымацца, каб не сказаць:
- Давай пагаворым, ластавачка!
Ластавачка крута ўзвiлася над возерам, у iмгненне вока апiсала дужку, ледзь чыркнуўшы вострым канцом крыла па вадзе, ад чаго па возеры пабеглi срэбраныя абручыкi.
- Ах, як гэта прыгожа! - зноў прамовiла бабка. - Паглядзi, як бягуць, калышуцца роўненькiя кругi па вадзе! I гэта ты прывяла ў рух такое велiзарнае возера?! Дзiўная справа! I колькi хараства на свеце! Цi не праўда, ластавачка: жыццё - гэта самае большае шчасце на зямлi!
- Таму ж усе мы, зелянушка, любiм жыццё, - зашчабятала ластавачка.
- Ведаеш, якая мне прыйшла думка? Мне здаецца, што большага не можа быць шчасця, як адчуваць кожны момант, што ты вольны, можаш рабiць, што захочаш, можаш ляцець, куды табе зажадаецца.
