
Толькi Гулiверу i пяцi матросам пашчаслiвiла выратавацца ў шлюпцы.
Доўга насiлiся яны па моры, зусiм выбiлiся з сiлы. А хвалi ўздымалiся ўсё большыя i большыя, i адна з iх падкiнула i перакулiла шлюпку.
Гулiвер апынуўся ў вадзе з галавой.
Калi ён вынырнуў, навокал нiкога не было. Усе яго спадарожнiкi загiнулi.
Гулiвер паплыў куды вочы глядзяць - туды, куды гнаў вецер i прылiў. Раз-пораз спрабаваў ён намацаць дно, але дна ўсё не было. А плысцi далей ён ужо не мог: мокрае адзенне i цяжкiя, разбухлыя чаравiкi цягнулi ўнiз. Ён захлёбваўся i задыхаўся.
I раптам яго ногi дакранулiся да зямлi.
Гэта была водмель. Гулiвер асцярожна ступiў па пясчаным дне крок-другi - i паволi пайшоў наперад.
Iсцi станавiлася ўсё лягчэй i лягчэй. Спачатку вада даставала яму да плячэй, потым да пояса, потым толькi да каленяў. Ён ужо думаў, што бераг зусiм блiзка, але дно ў гэтым месцы было вельмi пакатае, i Гулiверу яшчэ доўга давялося брысцi па калена ў вадзе.
Нарэшце вада i пясок засталiся ззаду.
Гулiвер выйшаў на лужок, парослы мяккай i вельмi маленькай травой, прылёг на зямлю, падклаў пад шчаку далонь i моцна заснуў.
3
Калi Гулiвер прачнуўся, было ўжо зусiм вiдна. Ён ляжаў на спiне, i сонца свяцiла яму проста ў твар.
Ён хацеў працерцi вочы, але не змог узняць руку; хацеў сесцi, але не змог паварушыцца.
Тонкiя вяровачкi аблытвалi ўсяго яго ад галавы да каленяў; рукi i ногi былi моцна спавiты вяровачнай сеткай; вяровачкi абкручвалi кожны палец. Нават доўгiя густыя валасы Гулiвера былi туга накручаны на маленькiя колiкi, убiтыя ў зямлю, i пераплецены вяровачкамi.
Гулiвер быў падобны на вялiкую рыбiну, якая трапiла ў сетку.
"Напэўна, я яшчэ сплю", - падумаў ён.
Але тут нешта жывое хуценька ўзлезла яму на нагу, прапаўзло па грудзях i спынiлася ля падбародка.
