- Ну, дык у чым разгадка? - спытаў мяне Кофi.

Трымаючыся рукой за пашчэмку, я выявiў, што магу гаварыць, неяк трываючы боль.

- Вось гэта хеўра i збiла на машыне Ньюхаўса, i нiякi гэта не няшчасны выпадак. Нядрэнна было б даведацца яшчэ пра некаторыя падрабязнасцi, але падступiцца да iх не паспеў - занадта хутка яны на мяне накiнулiся. Ньюхаўс, у той момант, калi на яго наехаў аўтамабiль, трымаў у руцэ паперку ў сто флорынаў i накiроўваўся ў бок палiцэйскай управы. Ён знаходзiўся ўсяго паўквартала ад будынка суда.

Соўлс сказаў мне, што Ньюхаўс накiроўваўся да Портсмускай плошчы, каб пагрэцца там на сонцы. Але Соўлс, здаецца, не ведаў, што ў Ньюхаўса было падбiта вока, наконт чаго было праведзена расследаванне. Калi Соўлс не бачыў сiняка на твары Ньюхаўса, значыць, можна смела бiцца аб заклад, што ў той дзень ён не бачыў яго ў твар.

Ньюхаўс iшоў з друкарнi ў напрамку палiцэйскай управы, трымаючы ў руцэ замежную купюру - запомнiце гэта!

З iм часта здаралiся прыступы хваробы, праз якiя, калi верыць нашаму прыяцелю Соўлсу, ён быў вымушаны кожны раз заставацца дома тыдзень альбо нават паўтара.

Згодна са словамi Соўлса, друкарня на тры днi спазнiлася з выкананнем заказаў i што такое здарылася ўпершыню за восем год. Ён лiчыць, што вiнавата ў гэтым смерць Ньюхаўса, памёр жа ён толькi ўчора. Вiдавочна, папярэднiя выпадкi не выклiкалi затрымак у рабоце, дык чаму такое здарылася ў вынiку апошняга прыступу?

На мiнулым тыднi звольнiлi двух друкароў i столькi ж нанялi на наступны дзень - вельмi аператыўна. Машыну, якая збiла Ньюхаўса, кiнулi за першым жа паваротам, усяго за некалькi крокаў ад друкарнi. Аўтамабiль стаяў капотам на поўнач, а гэта дастатковы доказ таго, што пасажыры, якiя вылезлi з машыны, знiклi ў паўднёвым кiрунку. Нармальныя злодзеi не кiнулiся б у той самы бок, з якога прыехалi.



12 из 14