
- П'яны, - сказаў без усялякiх эмоцый Кроствэйт, не падымаючы вачэй ад абцягнутых клятчастай тканiнай каленяў, хрыпла-сiплаватым голасам, якi бывае ў людзей з добра прапiтай глоткай.
- Едучы за рулём, вiдаць, крыху неасцярожна па Ван-Нес-авеню, - працягваў Вэнс Рычманд, не звяртаючы ўвагi на рэмарку клiента, - мiстэр Кроствэйт збiў мiнака. Той чалавек не надта пацярпеў i атрымае вельмi шчодрую кампенсацыю за нанесеную шкоду. Але мы павiнны з'явiцца ў суд у наступны панядзелак па абвiнавачваннi ў неасцярожным кiраваннi аўтамабiлем, i баюся, што ўчарашняе здарэнне, у час якога быў забiты той самы друкар, можа нарабiць нам шкоды.
Нiхто не лiчыць, што Кроствэйт быў у машыне, калi тая наехала на друкара, - у нас ёсць шмат доказаў, што яго там не было. Але баюся, як бы гэта здарэнне не павярнулi супраць нас, калi будуць разглядаць выпадак на Ван-Нес-авеню. Як адвакат я ведаю, колькi ачкоў можа набраць, калi захоча, абвiнаваўца на тым нязначным факце, што адна i тая ж машына наехала на чалавека на Ван-Нес-авеню, а ўчора збiла яшчэ аднаго чалавека.
Зразумела, самае горшае, што можа здарыцца, дык гэта тое, што замест звычайнага штрафу мiстэра Кроствэйта могуць пасадзiць у гарадскую турму на трыццаць або шэсцьдзесят дзён. Варыянт даволi непрыемны, i менавiта яго мы хацелi б...
- Чорт яго вазьмi, - зноў загаварыў Кроствэйт, па-ранейшаму не адводзячы вачэй ад каленяў.
- Вось менавiта яго мы хацелi б пазбегнуць, - працягваў адвакат. - Мы гатовы заплацiць суровы штраф, якога i трэба чакаць, бо здарэнне на Ван-Нес-авеню адбылося па вiне мiстэра Кроствэйта. Але мы...
- П'яны ў дошку, - буркнуў Кроствэйт.
- Але нам не хацелася б, каб другое здарэнне, да якога мы не маем нiякага дачынення, кiнула неапраўданы цень на менш сур'ёзную справу. У сувязi з гэтым мы хацелi б знайсцi асобу альбо асоб, што ўкралi машыну i збiлi Джона Ньюхаўса. Калi iх знайсцi да нашага паяўлення ў судзе, нам не будзе пагражаць магчымасць стаць ахвярамi iх злачынства. Як вы лiчыце - iх можна знайсцi да панядзелка?
