
Наступная думка была падацца спiнай да дзвярэй, што выходзiлi на вулiцу, прыкрываючы свой адыход, i потым, стоячы ў дзвярах, паклiкаць на дапамогу альбо выцягнуць iх на вулiцу, дзе б ужо я даў iм рады. Але я адразу ж адмовiўся ад гэтай думкi.
Чацвёрка збiралася кiнуцца на мяне - я ў гэтым не сумняваўся. Iм патрэбна была iскра, якая б дэтанiравала iх дзеяннi. Ногi iх напружылiся, было вiдаць, што яны знаходзяцца ва ўзбуджаным стане, чакаючы дзеянняў з майго боку. Варта было мне зрабiць крок назад, як адразу ж пачалася б бойка.
Мы стаялi настолькi блiзка, што кожны з iх мог дакрануцца да мяне рукой. Аднаго з iх я здолеў бы ўлажыць з рэвальвера, да таго як яны навалiлiся б на мяне - аднаго з чатырох. Гэта азначала, што ў кожнага з iх быў толькi адзiн шанц з чатырох зрабiцца ахвярай - шанц невялiкi як на нармальнага мужчыну, а не баязлiўца.
Я ўсмiхнуўся, стараючыся выклiкаць тым самым давер, таму што быў супраць усялякага гвалту - i хацеў узяць слухаўку: мне трэба было нешта рабiць! Пасля я праклiнаў сябе за такi ўчынак. Атрымалася, што я проста выбраў iм дадатковы сiгнал да нападзення. I падаў гэты сiгнал, працягнуўшы руку да тэлефона.
Але я ўжо не мог адступiць, бо гэта таксама быў бы сiгнал, i мусiў даводзiць справу да канца.
Беручыся левай рукой за тэлефон, я адчуў, як з-пад капелюша па скронях цячэ пот.
Але тут адчынiлiся ўваходныя дзверы! За маёй спiнай нехта здзiўлена ўскрыкнуў.
Не адводзячы вачэй ад чацвёркi, што стаяла перада мной, я выпалiў наступныя словы:
- Хутка! Тэлефон! Палiцыя!
У вынiку з'яўлення гэтага незнаёмца, вiдавочна, клiента Ньюхаўса, зноў, на маю думку, узнiк крытычны момант. Нават калi б ён не прадпрыняў нiякiх актыўных дзеянняў, а толькi б выклiкаў палiцыю, працiўнiкi мусiлi б падзялiцца, каб заняцца i незнаёмцам, а гэта дало б мне магчымасць улажыць па меншай меры дваiх, перш чым яны збiлi б з ног мяне. У такiм выпадку ўжо двое з чатырох мелi б аднолькавы шанц апынуцца на падлозе, а гэтага было ўжо дастаткова для таго, каб нават самаўпэўнены чалавек двойчы падумаў, перад тым як кiнуцца ў бойку.
