
- Гэй, людзi добрыя, касцы! Ведайце: калi вы не скажаце каралю, што гэтая сенажаць належыць маркiзу дэ Карабасу, вас усiх патаўкуць на дробны мак!
Кароль сапраўды спытаў у касцоў, чыю гэта сенажаць яны косяць?
- Маркiза дэ Карабаса, - адказалi яны ўсе хорам, бо Катова пагроза вельмi iх напалохала.
- У вас добрыя землi, - сказаў кароль маркiзу дэ Карабасу.
- Але, Ваша Вялiкасць, - адказаў маркiз. - Гэтая сенажаць кожны год дае багаты прыбытак.
А Кот усё бег наперадзе. I калi напаткаў жняцоў, сказаў iм:
- Гэй, людзi добрыя, жняцы! Ведайце: калi вы не скажаце, што ўсё гэтае жыта належыць маркiзу дэ Карабасу, вас усiх патаўкуць на дробны мак!
Кароль, якi праязджаў хвiлiнай пазней, захацеў даведацца, чыё гэта жыта расце ўздоўж дарогi?
- Маркiза дэ Карабаса, - адказалi жняцы.
I кароль зноў парадаваўся такому адказу разам з маркiзам.
А Кот усё бег наперадзе карэты i ўсiм, каго нi сустракаў, паўтараў тое самае. Кароль быў вельмi ўражаны вялiкiм багаццем маркiза дэ Карабаса.
Нарэшце Кот прыбег у раскошны замак, дзе гаспадаром быў Людаед, найбагацейшы з усiх людаедаў у свеце, бо ўсе землi, па якiх праязджаў кароль, былi пад уладаю гэтага замка.
Кот, якi загадзя паклапацiўся праведаць, хто такi гэты Людаед i што ён умее рабiць, папрасiў дазволу пагутарыць з iм. Ён сказаў, што не мог прайсцi мiма замка i не выказаць яго гаспадару пашаны.
Людаед прыняў яго так ветлiва, як толькi можа прыняць людаед, i запрасiў садзiцца.
- Мяне запэўнiвалi, - раптам сказаў яму Кот, - што вы нiбыта здольны ператварацца ва ўсякiх жывёл, што вы можаце зрабiцца, напрыклад, iльвом цi сланом.
- Гэта праўда, - грубым голасам адказаў Людаед. - I каб ты мог сам убачыць i болей не сумняваўся, я зараз на тваiх вачах абярнуся ў iльва.
Кот так напалохаўся, убачыўшы перад сабой iльва, што стрымгалоў ускараскаўся аж на самы дах, хоць зрабiць гэта было цяжка, дый небяспечна, бо хадзiць у ботах па гонце вельмi нязручна.
