Радзiмы схоў вартуйце, маткi, сёстры!

Я з грамадой iду па шчасьце нам.

Мой меч зiхцiць непераможны, войстры.

Змагуся сам - дык iншым перадам!

1924 г.

Уладзiмiр Жылка

ЧАСТКА ЎВОДНАЯ

ГIТЛЕРАЎСКАЯ АКУПАЦЫЯ БЕЛАРУСI Ў 1941-1944 ГАДАХ

Паколькi апiсаныя намi падзеi ў бальшынi сваёй адбываюцца паза межамi Беларусi, неабходна дзеля ўводзiнаў малапаiнфармааванага чытача кiнуць вокам на тое, што адбывалася на беларускiх землях пад час гiтлераўскае акупацыi. Згары засьцерагаемся, што характарыстыка таго багатага гiстарычнага часу скупая й некамплетная, але дастатковая дзеля таго, каб знайсьцi ключ да зразуменьня шмат чаго, апiсванага ў самой аповесьцi.

АДМIНIСТРАЦЫЙНЫ ПАДЗЕЛ

З часткi, акупаванае немцамi ў 1941 годзе, быў створаны г. зв. Генэральны Камiсарыят Беларусi з цэнтрам у Менску. Ён быў падзелены на "гэбiты" (акругi), а гэныя ў сваю чаргу - на паветы й воласьцi. Нямецкi генэральны камiсар у Менску меў у кожнай акрузе для свае дапамогi гэбiтскамiсара. Адмiнiстрацыйныя нiзы ў большай меры былi ў руках беларусаў, вярхi - у руках немцаў.

Вялiкiя прасторы Беларусi iз кампактнай масай беларускага насельнiцтва ня былi ўлучаны ў Генэральны Камiсарыят Беларусi. Гэтак Вiльня з вялiкiмi абшарамi Вiленшчыны ўвайшла ў Камiсарыят Летувы, Беласточчына была далучана да Ўсходняй Прусii; частка беларускай Берасьцейшчыны й Пiншчыны апынулася ў Камiсарыяце Ўкраiны; пытаньне Браншчыны й Смаленшчыны было неразьвязанае, таму што яны былi ў засягу прыфрантавога пасу; сумежныя-ж з Латвiяй прасторы трапiлi ў Камiсарыят Латвii.

ШКОЛЬНIЦТВА

Гiтлераўскiя акупанты дазволiлi толькi пачатковае й сярэдняе школьнiцтва, з вялiкiмi абмежаваньнямi апошняга ў лiку. Прагiмназii й прафэсiйныя сярэднiя школы iснавалi ў акруговых гарадах. Насуперак цьверджаньням некаторых непрыязных беларусам чужынцаў, у школах ня было дыскрымiнацыi нацыянальных мяншыняў. Для запаўненьня недахопу настаўнiкаў у акруговых гарадох былi арганiзаваныя шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы.



3 из 590