
Клайв падрыхтаваўся цешыцца гэтай начной прыгодай. Ён знайшоў выключальнiк i запалiў святло ў дыярамах - у вынiку жудасныя сцэны былi пры поўнай iлюмiнацыi. Праз некаторы час яму захацелася есцi. Адкусiўшы раз ад сандвiча, ён зноў загарнуў яго ў папяровую сурвэтку i паклаў у кiшэню. Паволi прайшоўся каля сцэны гiбелi Джона Кенэдзi, дзе мiсiс Кенэдзi i дактары схiлiлiся над белым сталом, на якiм ляжаў прэзiдэнт. Гэты раз Клайв не ўтрымаўся ад смеху, гледзячы на сцэну, дзе Хаўптман спускаецца ўнiз па лесвiцы. Твар Чарльза Лiндберга-малодшага быў такi спакойны, што можна было падумаць, што ён гуляе з цацкамi на падлозе свайго пакоя.
Клайв перакiнуў нагу цераз жалезную парэнчу i залез у дыяраму з Джуд i Снайдэр. Яго ахапiла хваляванне ад усведамлення таго, што ён знаходзiцца побач з iмi, усяго за некалькi сантыметраў ад працэсу забойства шляхам удушэння з-за спiны, якi ўжываў палюбоўнiк жанчыны ў дачыненнi да яе мужа. Клайв працягнуў руку i дакрануўся да намаляванай чырвонай фарбай крывi, якая сцякала ў тых месцах, дзе ўдаўка глыбока ўпiлася ў шыю. Клайв таксама памацаў халодныя скулы ахвяры. Выпучаныя вочы былi шкляныя, нейкiя агiдныя, i таму ён да iх не дакрануўся.
