
Клайв жыў разам з мацi, хударлявай, вельмi нервовай жанчынай, якая працавала ў краме па продажы панчох, паясоў i бялiзны. Муж кiнуў яе, калi Клайву было дзевяць год. Больш дзяцей у яе не было. Клайв кiнуў сярэднюю школу за год да заканчэння, чым вельмi засмуцiў мацi, i каля года нiчым не займаўся, бавячы час на канапе ў хаце цi бадзяючыся з такiмi, як i ён, ля вуглоў. Але нiхто з яго знаёмых так i не зрабiўся яго блiзкiм сябрам на радасць мацi, бо яна лiчыла ўсю iхнюю кампанiю нiкчэмнай дрэнню. Ужо год, як Клайв працаваў рассыльным у краме Сiманса, i мацi думала, што ён пачаў брацца за розум.
Калi Клайв вярнуўся дадому а палове сёмай вечара, у яго была падрыхтавана гiсторыя для мацi. Нiбыта ўчора вечарам ён выпадкова сустрэў свайго старога прыяцеля Рычы, што служыў у войску i цяпер прыехаў на пабыўку, яны заседзелiся за размовай у яго дома так позна, што бацькi Рычы прапанавалi застацца ў iх начаваць i паклалi Клайва спаць на канапе. Мацi паверыла ў гiсторыю. Яна стушыла на вячэру фасолю i засмажыла яйкi з шынкай.
Сапраўды, не было такога чалавека, каму б Клайв мог расказаць пра ўчынак, якi здзейснiў мiнулай ноччу. Ён проста не вытрываў бы, калi б хто-небудзь сказаў, гледзячы ў яго бок: "Вось як? Ну, дык i што?", бо для таго, што ён здзейснiў, трэба было ж i мазгамi паварушыць, нават рызыкнуць крыху. Ён павесiў гальштук Вудра Вiльсана побач з гальштукамi, што былi начэплены на шнурок з унутранага боку дзвярэй яго шафы. Гэта быў шэры шаўковы гальштук кансерватыўнага тыпу i дарагi на выгляд. Раз-пораз у той дзень Клайв уяўляў, як хто-небудзь з мужчын - служачых музея, або жанчына, якую завуць Мiлдрэд, глянуўшы на Вудра Вiльсана, усклiкнуць: "Гэй! Цiкава, што здарылася з гальштукам Вудра Вiльсана?"
Кожны раз, калi Клайв думаў пра гэта, ён мусiў апускаць галаву, каб схаваць усмешку.
