Ды ўсiх не заб'еш. У нейкую шчылiну праслiзгвае ўдачлiвы мазур i нясецца галопам ад месца бойнi да блiжэйшага жылля з крыкам "Ратуйся! Лiтва! Наезд!", а адтуль разлятаюцца вестуны да суседзяў. Сярод такiх удачлiвых апынуўся вiзнаўскi кашталян Якуб. За два днi ён дабраўся да Плоцка, i князь Земавiт даведаўся, што прыйшлi наваградская русь i лiтва, а iншыя ўцекачы паведамiлi пра прускую навалу i пра русiнскiя палкi князя Шварна Данiлавiча. Рабуюць, рэжуць, гвалцяць, паляць, пасля iх - нi коней, нi кузнi, нi збожжа, нi стажка жывёле.

Земавiт пачаў збiраць войска, аднак хутка з'ехацца ўладары не маглi трэба было затоiць ў лясах сем'i, быдла, схаваць зерне i нажытак. Пацiху падыходзiлi дружыны з Завiслення, а ў абыход лiтоўскiх палкоў падкрадвалiся дробныя рыцарскiя аддзелы. Толькi праз два тыднi Земавiт здолеў вывесцi пад сваiм сцягам войска ў пяць тысяч коней, з якiм i пайшоў насустрач Мiндоўгу. Земавiтава жонка, княгiня Гертруда, засталася ў Плоцку, прыняўшы на сябе ўмацаванне замка i горада перад магчымай аблогай, калi бiтва раптам будзе прайграная i князю давядзецца хавацца за сценамi, пакуль не прыйдуць посiлкi з Малапольшчы. Рыцарскага аддзела Земавiт жонцы не пакiнуў, i абаронцамi Плоцка засталiся мяшканцы i навакольныя веснякi, што шчыльна панабiлiся ў горад. Чамусьцi iм верылася, што за плоцкiмi гароднямi пад крылом княгiнi прасцей уратавацца ад лiтоўскага лiха, чым дзе-небудзь у пушчанскiх гушчарах, на недаступных выспах сярод дрыгвы. Разлiкi, што на абарону польскiх хрысцiянаў ад паганскага нашэсця зараз жа вырушыць Ордэн, не спраўдзiлiся - немцы цi не былi падрыхтаваныя, цi не жадалi ваяваць Мiндоўга сiламi ордэнскiх братоў. Можа, яны i цешылiся з бедства мазурскiх земляў.

Заступiўшы шлях Мiндоўгу пяццю тысячамi войска паблiзу Варшавы, Земавiт меркаваў перамагчы: ягоныя рыцары былi апранутыя ў добрую браню, палова рыцарскiх лучнiкаў мела дальнабойныя кушы, за iх плячамi засталiся сем'i, яны паклялiся перад богам не адыходзiць.



5 из 101