Як я рабiў усё гэта, як пабольшыў свой склеп, як паступова жыццё маё набывала нават некаторыя выгоды, я падрабязна раскажу на наступных старонках.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Каляндар Рабiнзона. - Рабiнзон уладкоўвае сваё жытло.

Неўзабаве пасля таго як я пасялiўся на выспе, мне раптам прыйшло ў галаву, што калi я не завяду сабе каляндар, то я вельмi хутка згублю лiк дням i нават не буду адрознiваць нядзелi ад будзённага дня.

Каляндар я прыдумаў такi: абчасаў сякераю тоўстае бервяно i ўкапаў яго на беразе ў пясок, на тым самым месцы, куды мяне выкiнула бура. Да гэтага слупа я прыбiў перакладзiну, на якой выразаў вялiкiмi лiтарамi такiя словы:

ТУТ Я ЎПЕРШЫНЮ СТУПIЎ НА ГЭТУ ВЫСПУ

30 ВЕРАСНЯ 1659 ГОДА.

З таго часу кожны дзень на сваiм слупе я рабiў зарубку ў выглядзе кароткай рысачкi. Праз шэсць рысачак я рабiў адну даўжэйшую, якая азначала нядзелю; зарубкi ж, якiя значылi першае чысло кожнага месяца, я рабiў яшчэ даўжэйшыя.

Такiм чынам я вёў свой каляндар, адзначаючы днi, тыднi, месяцы i гады.

Пералiчваючы рэчы, якiя я перавёз з карабля, як я казаў ужо, за адзiнаццаць разоў, я не ўпамянуў пра розную драбязу, якая хоць i не мела асаблiвай каштоўнасцi, але ўсё роўна зрабiла мне вялiкую паслугу. Так, напрыклад, у каютах капiтана i яго памочнiка я знайшоў чарнiла, пер'i i паперу, тры цi чатыры компасы, некаторыя астранамiчныя прыборы, падзорныя трубы, геаграфiчныя карты i карабельны журнал. Усё гэта я склаў на ўсякi выпадак у адзiн з куфраў, не ведаючы нават, цi спатрэбiцца мне што-небудзь з гэтых рэчаў. Затым мне трапiлася некалькi кнiг на партугальскай мове. Я забраў iх таксама.

Былi ў нас на караблi два каты i сабака. Катоў я перавёз на бераг на плыту; сабака ж яшчэ ў час самае першае мае паездкi сам скочыў у ваду i паплыў услед за мною. Многа гадоў ён быў маiм надзейным памочнiкам i служыў мне шчыра i аддана. Ён амаль замяняў мне адносiны з людзьмi, толькi не ўмеў гаварыць. О як бы дорага я заплацiў, каб ён загаварыў толькi!



42 из 185