Не было вакол нiводнага лагера ў радыусе пяцi мiль, на якi Мечаны не ўчынiў бы набегу. Але горай за ўсё было тое, што людзi, у якiх краў Мечаны, знаходзiлi нас i патрабавалi заплацiць за яго "сталаванне", i гэта было справядлiва: такi закон у гэтых мясцiнах. Нам было вельмi цяжка, асаблiва ў першую нашу зiму на Чылкуцкiм перавале, калi мы зусiм збяднелi, выплачваючы за бекон i шынкi, якiх самi нiколi не елi.

Мечаны мог i бiцца. Ён мог рабiць усё, толькi не працаваць. I вось гэты самы лянiвы сабака быў важаком усёй запрэжкi. Ён трымаў усiх сабак у пастаянным страху, i заўсёды было два цi тры сабакi са свежымi меткамi яго iклаў. Але Мечаны быў не проста забiяка. Ён не баяўся нiякай чатырохногай iстоты. Я бачыў аднойчы, як ён без дай прычыны кiнуўся на чужую запрэжку i раскiдаў усiх сабак.

Я казаў ужо, якi ён быў абжора. Неяк застаў я яго, калi ён жор пугу. Слова гонару. Ён пачаў з кончыка, i, калi я ўбачыў гэта, ён ужо дабраўся да ручкi i не пераставаў грызцi.

Але ж нягледзячы нi на што Мечаны быў прыгажун. У канцы першага тыдня мы прадалi яго за семдзесят даляраў атраду коннай палiцыi. Сярод iх былi вопытныя паганятыя, i мы думалi, што да таго часу, калi Мечаны пройдзе шэсцьсот мiль, да Доўсана, ён стане добрым запрэжным сабакам. Я кажу "мы думалi", бо наша знаёмства з Мечаным тады толькi пачыналася. Потым у нас не хапала смеласцi "думаць", калi гаворка iшла пра гэтага сабаку.

Праз тыдзень ранiцай мы прачнулiся ад страшэннага шуму. Гэта вярнуўся Мечаны i наводзiў парадак сярод зграi. Магу вас запэўнiць, што снедалi мы без ахвоты. Але ж мы суцешылiся праз дзве гадзiны, калi зноў прадалi Мечанага афiцыйнаму кур'еру, якi кiраваўся ў Доўсан з урадавымi паперамi. На гэты раз Мечанаму спатрэбiлася толькi тры днi, каб вярнуцца назад. I, як заўсёды, сваё вяртанне ён адсвяткаваў бойкаю з сабакамi.

Мы пераправiлi нашу амунiцыю цераз перавал, а потым памагалi ўсю зiму i вясну перапраўляцца ўсiм ахвотнiкам. На гэтай справе мы добра зарабiлi. Апрача ўсяго, мы "рабiлi грошы" на Мечаным. Мы прадавалi яго i не раз i не два, а ўсе дваццаць. Мечаны заўсёды вяртаўся да нас, але нiхто з пакупнiкоў не патрабаваў сваiх грошай назад. Дый нам гэтыя грошы былi непатрэбныя.



5 из 12