
Iшлi яны гордыя i задаволеныя i толькi здзiўлялiся, што нiкому, акрамя iх, не прыйшло ў галаву забраць пярсцёнак. Борд сказаў, што паедзе ў Нарвегiю i прадасць там пярсцёнак, як толькi выпадзе якi-небудзь зручны выпадак. Iм здавалася, што за пярсцёнак удасца атрымаць вельмi многа грошай i нiколi больш не давядзецца адчуваць страху перад заўтрашнiм днём.
- А гэта што? - раптам прыпынiўшыся, запытала жонка. - Што я бачу? Няўжо зара займаецца? На ўсходзе ж павiнна свiтаць?
- Не, сонцу яшчэ рана ўзыходзiць, - сказаў селянiн. - Вiдаць, - пажар. I як быццам дзесьцi каля Ольсбю. Цi не...
Яго перапынiў гучны жончын голас.
- Гэта ў нас гарыць! - крычала яна. - Меламстуга гарыць! Генерал падпалiў яе!
У панядзелак ранiцай у маёнтак Хедэбю, размешчаны зусiм блiзка ад царквы, прыбег магiльшчык i, ледзь не задыхаючыся, выпалiў: iм з мулярам, якi збiраўся зноў замураваць склеп, падалося, быццам века генеральскай труны з'ехала набок i што шчыты з гербамi i ордэнскiя стужкi, якiмi яно прыбрана, ссунуты з месца.
Неадкладна людзi спусцiлiся ў склеп i заўважылi, што там пануе страшны беспарадак i што шрубы труны сарваны. Калi знялi века, то адразу ж убачылi, што на ўказальным пальцы левай генералавай рукi пярсцёнка няма.
III
Я думаю пра караля Карла XII i спрабую ўявiць сабе, як людзi любiлi яго i як баялiся.
Бо я ведаю, што незадоўга да смерцi каралю надарылася аднойчы зайсцi ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзiн i нечакана; ведаючы, што ў царкве iдзе служба, ён спынiў каня каля царкоўнай брамы i ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанiн.
Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, i, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхiнуўшыся спiнай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь.
