
- О, так, - сказаў стары, - але я прыехаў хутчэй, чым разлiчваў.
- Мне самому б трэба было прывезцi вас сюды, пан пастар, - сказаў Iнгiльберт, - але я рыбачыў учора вечарам дапазна. Толькi вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што ў бацькi ў назе антонаў агонь i што сястру паслалi па вас, пан пастар.
- Мэрта не ўступiць любому хлопцу, - сказаў пастар. - Усё было як нельга лепш. Ну, а як Борд зараз?
- Шчыра кажучы, яму зусiм дрэнна, але ён яшчэ пры розуме. Узрадаваўся, калi я сказаў яму, што вы ўжо выехалi з лесу.
Пастар увайшоў да Борда, а брат з сястрой селi на шырокiя каменныя плiты каля хацiны i сталi чакаць. Настроены яны былi ўрачыста i размаўлялi пра бацьку, якi быў добры з iмi. Але шчаслiвым не быў нiколi з таго самага дня, як згарэла Меламстуга, таму, бадай, для яго лепей будзе развiтацца з такiм няшчасным жыццём.
Раптам сястра сказала:
- У таткi, вiдаць, было нешта на сумленнi!
- У таты? - адзiвiўся брат. - Што ўжо ў яго магло быць на сумленнi? Ды я нi разу не бачыў, каб ён замахнуўся на жывёлу цi на чалавека.
- Але ж у нечым ён збiраўся пакаяцца пастару, i нiкому больш.
- Ён так сказаў? - запытаўся Iнгiльберт. - Сказаў, што перад смерцю хоча ў чымсьцi пакаяцца пастару? Я ж думаў, ён паклiкаў яго сюды толькi для таго, каб прычасцiцца.
- Калi ён сягоння пасылаў мяне па пастара, то сказаў, каб я ўгаварыла яго прыехаць. Бо пастар - адзiны чалавек на свеце, каму ён можа пакаяцца ў вялiкiм i цяжкiм граху.
Крыху падумаўшы, Iнгiльберт усклiкнуў:
- Дзiўна! А цi не прыдумаў ён усё гэта, пакуль сядзеў тут адзiн? Як i небылiцы, якiя, бывала, расказваў пра Бенгта-асiлка. Усё гэта не iнакш як пустая выдумка, i нiчога больш.
- Пра Бенгта-асiлка ён якраз i хацеў пагаварыць з пастарам, - сказала дзяўчынка.
- Тады можаш пайсцi ў заклад, што гэта адны выдумкi, - сказаў Iнгiльберт.
З гэтымi словамi ён падняўся з месца i падышоў да акенца ў сцяне хацiны, якое было адчынена, каб крыху святла i паветра магло пранiкнуць усярэдзiну. Ложак хворага стаяў так блiзка ад акенца, што Iнгiльберт мог чуць кожнае слова. I сын пачаў прыслухоўвацца, нiколькi не пакутуючы мукамi сумлення. Магчыма, нiхто яму нiколi раней не казаў, што падслухоўваць споведзь грэшна. Ва ўсякiм выпадку, ён быў упэўнены, што ў бацькi няма нiякiх страшных тайнаў, якiя ён мог бы выдаць.
