
Над каўняром мундзiра ўзвышалася магутная i грубая мужыцкая галава; здавалася, чалавек на партрэце народжаны, каб араць зямлю да канца сваiх дзён. Але пры ўсёй сваёй агiднасцi чалавек гэты быў з выгляду разумны, i верны, i слаўны. Калi б ён з'явiўся на свет у нашы днi, то мог бы стаць сама меней прысяжным засядацелем у павятовым судзе, а то i старшынёй мунiцыпалiтэта. Ды, хто ведае, магчыма, ён i ў рыксдагу б засядаў*. Але паколькi жыў ён у часы вялiкага, доблеснага караля, то адправiўся на вайну; туды пайшоў бедным салдатам, а вярнуўся дамоў славутым генералам Лёвеншольдам; i за верную службу атрымаў ва ўзнагароду ад казны маёнтак у прыходзе Бру.
* Рыксдаг узнiк у Швецыi ў 1617 г. i да 1867 з'яўляўся сходам прадстаўнiкоў усiх саслоўяў, якi выконваў ролю дарадчага органа пры каралi. Рыксдаг у сучасным значэннi - шведскi парламент.
Адным словам, чым даўжэй вы разглядвалi партрэт, тым больш прымiралiся з аблiччам генерала. Здавалася, вы пачыналi разумець - сапраўды такiя i былi яны, тыя самыя воiны, што пад кiраўнiцтвам караля Карла XII праклалi яму шлях у Польшчу i Расею*. Яго суправаджалi не толькi шукальнiкi прыгод i прыдворныя кавалеры, але i такiя простыя i адданыя людзi, як гэты вось чалавек на партрэце. Яны любiлi караля, мяркуючы, што дзеля яго варта i жыць i памерцi.
* Ваенны паход Карла XII у Рэч Паспалiтую пачаўся ў студзенi 1702 г. Нанёсшы шэраг паражэнняў польскаму войску, захапiўшы Кракаў i Варшаву, Карл XII дамогся звяржэння караля Аўгуста, выхаду Рэчы Паспалiтай з антышведскай каалiцыi i падпiсання мiрнага пагаднення ў Варшаве (18 лiстапада 1705 г.). Уварваўшыся затым у Саксонiю i вымусiўшы яе да выхаду з вайны (Альтранштацкi мiр 1706 г.), Карл XII арганiзаваў ваенны паход у Расею (жнiвень 1707 г.). Разлiчваючы на дапамогу свайго тайнага саюзнiка, украiнскага гетмана Мазэпы, Карл XII павёў сваю армiю цераз Украiну, але тут сустрэў рашучы адпор з боку расейскiх войск.
