* Карл XII, вярнуўшыся ў Швецыю пасля чатырнаццацiгадовай адсутнасцi (1715), застаў краiну ў стане поўнага эканамiчнага краху, але нягледзячы на гэта, вырашыў сабраць сродкi для працягу вайны. Наткнуўшыся на супрацiўленне дзяржаўнага савета i рыксдага, ён адхiлiў iх ад кiравання дзяржавай i перадаў усю паўнату ўлады ў рукi гальшэйнгаторпскага мiнiстра Гёртца (1668-1718), якi правёў шэраг эканамiчных мерапрыемстваў з мэтай выцягвання з насельнiцтва сродкаў для новых ваенных намераў караля. У лiку гэтых мерапрыемстваў былi канфiскацыя каштоўнасцей, а таксама выпуск абясцэненых, так называемых фальшывых грошай, празваных у народзе "Гёртцавымi далерамi". Перыяд уладарання ненавiснага чужаземнага мiнiстра лiчыцца адным з самых змрочных эпiзодаў шведскай гiсторыi i вядомы пад назвай "Гёртцавага часу".

Але хоць многiя i жадалi завалодаць гэтай вялiкай каштоўнасцю, не знайшлося нiкога, хто б сапраўды падумваў прысвоiць яе. Пярсцёнак так i ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкiмi каменнымi плiтамi, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; i думалi, што так ён i застанецца там да сканчэння вякоў.

II

У сакавiку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькi месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмiстра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, якi жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалi яе ў нядзелю, адразу пасля службы, i ўсе малельшчыкi прама з царквы пайшлi за пахавальным шэсцем i праводзiлi нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамiльнай грабнiцы, дзе абедзве вялiзныя магiльныя плiты былi зрушаны на самы край. У скляпеннi пад плiтамi муляр зрабiў пралом, каб маленькую труну мёртвага дзiцяцi можна было паставiць побач з дзядулiнай.



5 из 89