
Ён так паглыбiўся ў свае думкi, што нават не заўважыў, як пахавальны абрад закончыўся, i працягваў стаяць каля магiлы. I прастаяў бы яшчэ доўга, калi б жонка не падышла да яго i не тузанула за рукаў кафтана.
- Што гэта на цябе найшло? - запыталася яна. - Стаiш тут i вачэй не зводзiш, быццам кот каля мышынай норкi.
Селянiн уздрыгнуў, узняў вочы i ўбачыў, што, апрача iх з жонкай, нiкога на могiльнiку ўжо няма.
- Ды нiчога, - адказаў ён. - Стаяў тут, i прыйшло мне ў галаву...
Ён ахвотна расказаў бы жонцы, што iменна яму прыйшло ў галаву, але ведаў, што яна куды больш здагадлiвая за яго. I палiчыла б толькi яго трывогi дарэмнымi. Сказала б, што замураваны склеп цi не - нiкога гэта справа не тычыцца, апрача ротмiстра Лёвеншольда.
Яны накiравалiся дамоў i вось якраз тут, на дарозе, павярнуўшыся спiнай да могiльнiка, Борду Бордсану i выкiнуць бы з галавы думкi аб генеральскай грабнiцы, ды дзе ўжо там. Жонка ўсё гаварыла аб пахаваннi: аб труне i аб тых, хто яе нёс, аб пахавальнай працэсii i аб надмагiльных прамовах. А ён час ад часу ўстаўляў слоўца, каб не заўважыла яна, што ён нiчога не бачыць i не чуе. Жончын голас гучаў дзесьцi далёка. А ў галаве ў Борда ўсё круцiлiся адны i тыя ж думкi: "Сягоння ў нас нядзеля, i, мабыць, муляр не захоча замуроўваць склеп у свой вольны дзень. Але раз так, ротмiстр мог бы даць далакопу далер, каб той папiльнаваў магiлу ноччу. Эх, каб ён здагадаўся гэта зрабiць!"
Нечакана Борд Бордсан пачаў размаўляць услых сам з сабой:
- Што нi кажы, а трэба было мне пайсцi да ротмiстра! Так, трэба было! Такая важнасць, калi б людзi i паднялi мяне на смех!
Ён зусiм забыўся, што побач з iм iшла жонка, i апамятаўся, толькi калi яна раптам спынiлася i ўтаропiлася ў яго.
- Ды нiчога, - сказаў ён. - Гэта я ўсё над той справай галаву ламаю.
Яны зноў пакрочылi дадому i хутка апынулiся ў сябе ў Меламстузе.
