
У шахматах, з iх разнастайнымi фiгурамi i мудрагелiстымi хадамi, рознымi i пераменнымi велiчынямi, складанасць памылкова (а гэта памылка - даволi распаўсюджана) успрымаецца як глыбiня. Але тут патрэбна найперш увага. Паслабiш яе - i атрымаецца недагляд, а з iм пралiк цi нават пройгрыш. А так як шахматныя хады не толькi разнастайныя, але i шматзначныя, то шанцы недагляду - вялiкiя, i ў дзевяцi выпадках з дзесяцi перамагае не больш здольны, а больш уважлiвы iгрок. У шашках, наадварот, дазваляецца адзiн вiд хадоў з лiчанымi варыянтамi, таму i шанцы недагляду - нязначныя, уважлiвасць сама па сабе параўнаўча не адыгрывае такой ролi, i перавага таго цi iншага боку залежыць ад кемлiвасцi. Каб быць больш канкрэтным, возьмем партыю шашак, у якой на дошцы засталiся ўсяго чатыры дамкi i таму пра нейкi недагляд i гаворкi не можа быць. Вiдавочна, перамога залежыць (калi iгракi роўныя ва ўсiх адносiнах) толькi ад удала вышуканага ходу i актыўных разумовых высiлкаў. Пазбаўлены звычайных сродкаў, аналiтык пранiкае ў душу працiўнiка, ставiць сябе на яго месца i нярэдка знаходзiць такiм чынам, з першага погляду, той адзiны спосаб (часам да абсурду просты), дзякуючы якому ён можа скiраваць працiўнiка на памылковы шлях альбо прыспешыць, садзейнiчаючы тым самым пралiку.
Вiст здаўна вядомы як добрая школа для развiцця здольнасцi, якая завецца разлiкам, i вядома, што людзi найвышэйшага ўзроўню iнтэлекту знаходзiлi ў гэтай гульнi невытлумачальную асалоду, грэбуючы шахматамi як нiкчэмным заняткам. Несумненна, нiякая iншая гульня нават блiзка не патрабуе такiх аналiтычных здольнасцей. Найлепшы ў хрысцiянскiм свеце шахматыст можа аказацца ўсяго толькi лепшым iграком у шахматы, калi ж гаворка iдзе пра высокi клас гульнi ў вiст, то маецца на ўвазе наяўнасць здольнасцей да поспеху i ў кожнай iншай сур'ёзнай дзейнасцi, звязанай са спаборнiцтвам iнтэлектаў.