
- Толькi не ленiнградскаму, не маскоўскаму цi там харкаўскаму! - раптам падаў голас чацвёрты папутнiк, якi дагэтуль маўчаў i якога за самапаглыблены выгляд мы празвалi мiж сабою "фiлосафам". - Дзiва будзе, калi вучоны з гараджан паверыць у метад Томата Iванавiча, таму што вы, баюся, выпусцiлi з-пад увагi адну вельмi важную акалiчнасць.
"Фiлосаф" высунуўся наперад, i якраз за акном прамiлынулi агнi i высвецiлi яго худы з запалымi вачыма твар.
- Акалiчнасць вось якая, - вымавiў ён, нiбыта друкуючы кожнае слова. Iснуе пашыраная думка, што творцы ў навуцы ўзаемазамяняльныя. У тым сэнсе ўзаемазамяняльныя, што калi i не было б, скажам, Энштэйна, то тэорыю адноснасцi ўсё роўна б стварылi, можа, крыху раней цi пазней, таму што навуковая iсцiна аб'ектыўная. Памылка. Не буду прыводзiць прыклад з тэлескопам, якi мог быць вынайдзены яшчэ за тры стагоддзi да назiранняў Галiлея, не буду тлумачыць i таго, што славутыя доследы самога Галiлея з падзеннем цел цалкам маглi ажыццявiць старажытныя грэкi. Усё гэта дэталi. Галоўнае добра выказаў адзiн навуковец: "Магчымасць назiраць залежыць ад таго, якой тэорыяй вы карыстаецеся". Пункт погляду даследчыка залежыць, па-першае, ад часу, у якiм жыве (грэкi праз шэраг сацыяльна-эканамiчных прычын цуралiся доследаў, таму заканамерна, што давялося чакаць Галiлея). Па-другое, гэты пункт погляду залежыць ад асобы самога даследчыка. Усё? Толькi што расказаная гiсторыя пацвярджае, што не, не ўсё. Ваш Томат Iванавiч зрабiў адкрыццё не толькi дзякуючы свайму таленту, але яшчэ i таму, што ён быў якутам.
- Як? - сумеўся я. - Якое гэта мае значэнне?
- Не здагадваецеся? Зрэшты, гэта мог зрабiць неабавязкова якут, з такiм поспехам гэта мог ажыццявiць таленавiты мансi, ненец, чукча. Пётра Мiкалаевiч, што для вас ёсць сабака?
- Як што? Ну жывёлiна, сябар чалавека...
- Вось так цi прыкладна так адказаў бы любы жыхар горада, любы нашчадак спрадвечных земляробаў. Ну а вы, шаноўны, - ён загаварыў да мяне, - што вам, нашчадку многiх пакаленняў паляўнiчых, той самы сабака? Увогуле ўсё жывое? Не вам асабiста, а якуту, таму ж Томату Iванавiчу, чалавеку пажылому, якi, пэўна, цудоўна памятаў iншае, негарадское жыццё? Ну?
