
- Нiчога. Iмя Томата Iванавiча Даўгунова вам што-небудзь гаворыць?
- Не...
- А ён мог бы стаць гонарам нашага народа, усяго чалавецтва. Не стаў, з-за сцiпласцi не стаў. Паслухайце! У чым галоўная, нават адзiная невырашальнасць праблемы перасадкi ўнутраных органаў? У тканкавай несумяшчальнасцi. Перасадзiць можна хоць ад бабы-ягi лесуну, справа тэхнiкi; арганiзм, дурань, не прымае, фактычна трэба зламаць, заглушыць iмунную сiстэму засцярогi; гэта ўдаецца, але самi ведаеце, якою цаною. Не, не падумайце, я не медык, не фiзiёлаг, наогул не вучоны - будаўнiк я. Проста... Вось пра што i гаворка.
Ён змоўк на iмгненне. Святло лiхтароў нейкага паўстанка прабеглася па яго твары рухам ценяў, нiбыта павялiчыўшы яго, акрэслiўшы змрочнасць выгляду.
- Печань у мяне забалела гадоў у дваццаць. Але ведаеце, як гэта бывае ў маладосцi: каб мяне - ды анiколi! Шмат хто ў юнацтве жыве з адчуваннем асабiстага амаль цi не бяссмерця. Гэта значыць абстрактна ўсведамляеш, што i цябе не прамiне, але гэта настолькi далёка, што нават непраўдападобна. Адным словам, да доктара я не пайшоў, iнстытут скончыў - i пачало мяне па будоўлях насiць! Клопату было шмат, ну пабалiць ды перастане, здаровы ж мужык... Нарэшце дапякло. Так дапякло, што я ўжо быў гатовы малiцца на белы халат. Ну мясцовая бальнiца, абследаваннi там, лекi, аднак заўважаю я па выразу твараў маiх анёлаў-выратавальнiкаў, што, вiдаць, дарэмныя мае надзеi на сiлу маладосцi, а заадно i на ўсемагутнасць медыцыны. Папраўкай i не пахне, хоць i прафесара аднекуль запрашалi, i ўвесь iншы арсенал запушчаны ў ход. Карацей, давялося свайго доктара выклiкаць на шчырасць. Душэўны быў чалавек i смелы, з тых дактароў-вайскоўцаў, якiя прывыклi не хавацца за чужыя спiны, а дзейнiчаць рашуча i ў адпаведнасцi з абставiнамi.
Так... Сказаў ён мне, як на духу акрэслiў перспектыву. Чорт, нават цяпер страшна ўспамiнаць! Але шчырасць яго была не без намеру, таму што надзею меў. Так, маўляў, i так: пакоцiцца ўсё звычайным шляхам, ну i...
