
ХЛЕБАПЁК
Калi эшалон зэкаў прыбыў на тэрыторыю Бамлага, у вагон зайшоў нейкi пiсар i пачаў запiсваць, якую хто мае прафесiю. Дайшла чарга i да мяне, i я назваўся хлебапёкам. Iменна так i назваўся, бо не ведаў, як гэтыя хлебапёкi правiльна называюцца. Пiсар ухмыльнуўся i запiсаў мяне пекарам. Каб больш мне было веры, я дадаў, што скончыў два курсы хiмiка-тэхналагiчнага тэхнiкума прамысловага хлебапячэння. Пiсар таксама гэта запiсаў.
- Усё, - сказаў мой сусед па нарах, - цяпер ты з голаду не прападзеш. На хлебе будзеш сядзець, хлебапёк.
На гэта спадзяваўся i я, палiчыўшы, што калi той запiс унясуць у мой фармуляр, то на пякарню абавязкова траплю.
Нiякiм пекарам я нiколi не працаваў, нават не бачыў, як той хлеб пякуць у пякарнях. А ў тэхнiкуме я сапраўды вучыўся два гады. Паступаць у яго не хацеў, але настояў бацька i ўгаварыла стрыечная сястра Варка, якая там вучылася. Трыццаць трэцi год быў галодны, а Варка, прыехаўшы ў вёску на канiкулы, хвалiлася:
- На хлебазаводзе кожны дзень на практыцы бываем. Белы хлеб там ад пуза ядзiм. Буханку разламаеш i еш колькi ўлезе. Гарачанькi, пахучы.
Бацька, наслухаўшыся яе пахвалёнкi, i настояў, каб я паехаў вучыцца ў той тэхнiкум.
- З голаду нiколi не памрэш на такой рабоце. Едзь.
Я паехаў i паступiў. На практыку студэнты хадзiлi толькi з трэцяга курса, i мне так нi разу i не ўдалося трапiць на хлебазавод i паесцi таго белага хлеба ад пуза.
Вучыцца мне там было нецiкава, а таму i цяжка. Я любiў навукi гуманiтарныя, а ў тэхнiкуме трэба было вучыць супрамат, механiку, нават вышэйшую матэматыку i ажно тры хiмii - неарганiчную, арганiчную i аналiтычную. Я ўцёк з тэхнiкума пасля двух курсаў на рабфак пры Беларускiм унiверсiтэце.
На Бамлагу, куды нас прывезлi, асноўныя работы былi скончаны - засталiся толькi сякiя-такiя недаробкi. Большасць зэкаў ужо адправiлi з Бамлага ў iншыя лагеры.
Пасля галоднай сямiмесячнай адсiдкi ў турме, месячнага этапу я ледзь валачыў ногi i ўвесь час хацеў есцi. Я быў малады, арганiзм яшчэ рос, i яму патрабавалася харчаванне для росту. А нас адразу, без перадыху, пачалi ганяць на пагрузку чыгуначных платформаў гравiем. I якiя ж вялiкiя, бяздонныя здавалiся мне тыя платформы. Колькi кiдкоў лапатай трэба зрабiць, каб запоўнiць па барты платформу.
