
- Тады дазвольце мне застацца. Мне не трэба нiчога, акрамя абярэмка саломы ў самай убогай хацiне.
- Ты будзеш маiм госцем. Увайдзi ў гэты кляштар, тут цяпер твой дом. Для мяне вялiкае шчасце i гонар прыняць цябе. Уваходзь. Ты, пэўна, здарожыўся?
Пад iранiчным позiркам Жана Маяра абат уцягнуў чужынца ў свой пакой, пачаставаў яго вiном i настояў на тым, каб уласнаручна памыць яму ногi. Незнаёмы дазволiў, але як быццам бы з нейкай агiдай. Ён адмовiўся ад прапанаванага жытла i выказаў настойлiвае жаданне вярнуцца да натоўпу, якi нецярплiва гаманiў.
Лекар, якi не пераставаў сачыць за iм, хацеў быў выпрабаваць яго святасць.
- Ты яшчэ не бачыў сапраўды страшных пракажоных. Тыя, што тут, яшчэ маюць нейкае аблiчча - чалавечае цi не - не важна. Перш чым ты сустрэнешся з iншымi, падрыхтуйся да самага брыдкага.
- Хiба ўсе людзi не браты? - паўтарыў нiзкiм голасам чужынец. - Нiякая форма праказы мне не гiдкая. Але, - сказаў ён устрывожана, - хiба не ўсе пракажоныя жывуць пры манастыры?
- На жаль, брат мой, - сказаў абат, - ён стаў занадта цесны для iх. Многiя, самыя страшныя, вымушаны жыць у халупах на схiлах гары. Каб абысцi вялiкi лепразорый, трэба днi са два.
Было падобна, што чужынца ахапiла нечаканая трывога, i ён рэзка ўскочыў.
- Брат абат, я не магу затрымлiвацца, - хутка сказаў ён, - я адчуваю сябе вiнаватым перад гэтымi няшчаснымi.
5
- Нiякая форма праказы мне не гiдкая, - задумлiва паўтарыў лекар. - Вось сапраўды смелы чалавек.
Чужынец выйшаў так хутка, што абат нават не паспеў варухнуцца, каб затрымаць яго. Жан Маяр падышоў да акна i выглянуў на вулiцу. Змяркалася.
- Дзiўная птушка гэты ваш святы. Вось пайшоў лавiць пракажоных. Чаго, чаго, а гэтага тут хапае. I дваццацi крокаў не зрабiў, а ўжо пацёрся тварам аб дзесятак выдатных струплявых пыс. Нiхто з нашых не хоча прапусцiць такога свята. На плошчы аж цёмна ад людзей. А вось пайшлi па жанчыну, каб прывесцi да яго. Што ён робiць? Ды ўсё тое самае. Нахiляецца, прыцiскаецца да яе грудзей сваiмi, цалуе ў лоб i шчокi, зноў цалуе, потым пераходзiць да iншай. Вядома, гэтыя шлёндры хацелi б яшчэ, але ён не затрымлiваецца. Як святы спяшаецца ўсiх прывiтаць або давесцi сваю святасць.
