Усё яшчэ жвавы, брат Роз быў неабходны лепразорыю чалавек. Ён дапамагаў абату пад час службы, званiў да малiтвы, даглядаў ляжачых хворых, насiў лекi за доктарам, назiраў, як абраблялiся палi, а таксама хаваў нябожчыкаў, бо хоць праказа i сапраўды забiвала павольна, але рэгулярна.

* Луi Святы - кароль Францыi Луi IX (1226-1270), з дынастыi Капетынгаў, быў вядомы сваёй рэлiгiйнасцю.

Незнаёмец перасек пазначаную крыжам мяжу i хуткiмi крокамi наблiзiўся да брата Роза, якi здзiўлена назiраў за iм. Непадалёк ад манаха чалавек раптам спынiўся, i на яго твары з'явiўся дзiўны выраз незадаволенасцi, быццам ён, разгледзеўшы наплечнiк* i сутану, быў расчараваны нечаканай сустрэчай. Аднак уважлiва ўгледзеўшыся, ён убачыў на твары брата Роза знакi, якiя тым часам гаварылi самi за сябе: прыпухлыя павекi i надброўныя дугi, такiя ж губы, тоўсты расплылы нос, гладкi, быццам рагавы, лоб, пакрыты падобнай да мякiны луской чэрап. Гэтыя сiмптомы, што выклiкалi ў кожнага агiду i жах, здаецца, супакоiлi яго, вочы ў яго зноў загарэлiся, а скулы пачырванелi ад дзiўнай узбуджанасцi.

* Частка ўбору манаха - кавалак тканiны, якi пакрываў плечы i спускаўся на грудзi i спiну.

Ён зрабiў у бок манаха два крокi. Той выставiў наперад сваю схуднелую руку, спрабуючы спынiць яго. Але незнаёмы не звярнуў нiякай увагi на гэты жэст i хутка iшоў да манаха. Гэта магло б напалохаць брата Роза, калi б нешта яшчэ магло палохаць пракажонага з Гары Хворых.

Невядомы вiдавочна не меў нiякiх дрэнных намераў. Ён падышоў да брата Роза, стаў на каленi, схапiў яго рукi, паднёс да вуснаў i палка пацалаваў. Манах, якi быў аслупянеў, вырваўся i адступiў на крок.

- Назад, чужынец! Хiба ты не ведаеш, што тут лепразорый? Цi, можа, думаеш, што сутана ўберагла мяне ад заразы? Я не нашыў чырвонага сэрца i не нашу ляскоткi*, бо мы тут усе такiя, мы нiколi не выходзiм за крыж i нiхто з тых, што жывуць у далiне, не прыходзiць сюды. Ды ты зiрнi на мой твар. Я пракажоны, як i ўсе, хто жыве на гэтай гары.

* Пракажоны павiнен быў насiць на адзеннi знак у выглядзе чырвонага сэрца i ляскотку, каб загадзя папераджаць здаровых пра сваё наблiжэнне.

- Ведаю, брат мой, - адказаў незнаёмы. - Бог накiраваў мяне да Гары Хворых. Я свядома прыйшоў да пракажоных, i ты першы, каго я сустрэў. Прывiтай мяне пацалункам.



2 из 38