Планета мела добра прыкметныя поры года. Экспедыцыя прыбыла ў канцы лета, а зараз горная восень, уся ў чырванi i жаўцiзне, ужо згасала ў далiнах, але, нiбы не зважаючы на лiсце, што iмчала ў пенiстых горных патоках, сонца было ўсё яшчэ цёплае i ў бязвоблачныя днi на гэтым пласкагор'i нават прыпякала. Толькi туманы штораз гусцелi i напамiналi аб наблiжэннi снегу i маразоў. Але тады на планеце не павiнна было заставацца ўжо нiкога; i гэта збялелая каменная пустыня, якую ўявiў сабе Пiркс, раптам здалася яму асаблiва жаданай.

Здавалася, убачыць зрокам, што цемра радзее, было немагчыма, аднак з кожнай хвiлiнай позiрк адкрываў усё новыя абрысы наваколля. Неба ўжо зусiм збялела - яшчэ не дзень, але ўжо i не ноч, нiякiх зорак, дзень пачынаўся так чыста i спакойна, нiбы ўвесь ён быў схаваны ў шар з ахалоджанага шкла. Крыху вышэй яны трапiлi ў паласу малочнага туману, якi чапляўся гнуткiмi шчупальцамi за грунт, а калi мiнулi яго, Пiркс заўважыў яшчэ не асветленую сонцам, але прыкметную ўжо ў ранiшнiм святле мэту iхняга шляху. Гэта быў скалiсты слуп, якi прымыкаў да галоўнага горнага ланцуга, а над гэтым слупам, некалькi сот метраў вышэй, чарнела двухгаловая вяршыня, сама высокая з усiх. На падобнай на булаву вяршынi гэтага слупа Анэлю патрэбна было зрабiць апошнiя замеры. Дарога ў абодва канцы была лёгкая - нiякiх неспадзевак, шчылiн, нiчога, акрамя аднастайнага шэрага асыпку, дзе-нiдзе перасечанага палосамi цвiлi зеленавата-жоўтага колеру. Пiркс усё яшчэ лёгка пераскокваў з адных гулкiх валуноў на другiя, упiраўся ў зусiм чорную на фоне неба сцяну i, можа, таму, што нi аб чым iншым не хацеў думаць, уявiў сабе, што гэта звычайнае ўзыходжанне, як i на Зямлi. I адразу ж iншымi вачыма ўбачыў скалы - сапраўды, можна было падумаць, што мэтай iх экспедыцыi было пакарэнне вяршынi, калi яны iдуць проста да хрыбта, якi цяжка выступае з масы асыпку.



14 из 31