Але як? Раптам ён заўважыў маленькую плямку шэрага, як скала, моху. Садраў яго. Маленькае паглыбленне, не большае, чым пазногаць. Крук не хацеў залазiць больш чым напалову, але i гэта было збавенне. Ён турзануў за колца - як сядзiць? Неяк трымаецца. Так, зараз левай рукой за круг i асцярожна, як толькi можна... Адхiлiўшыся напалову ад скалы, ён выпадкова адвёў вочы ад шчылiны, якая вабiла да сябе, нiбы створаная стагоддзямi дзеля аднаго адзiнага iмгнення, якое павiнна было наступiць; пасля яго позiрк каменем паляцеў унiз - аж да блакiтна-нябеснай iскры на замружаным шэрым фоне асыпку.

Вырашальны крок так i не быў зроблены.

- Што там?! - пачуўся голас Масены.

- Зараз! Хвiлiнку! - адгукнуўся Пiркс, перакiдваючы вяроўку праз карабiн.

Яму трэба было як след разгледзецца. Зноў адхiлiўся, на тры чвэрцi цяжару павiс на круку, нiбы спрабаваў вырваць яго са сцяны, але мусiў абавязкова паглядзець унiз, праверыць...

Так, гэта быў Анэль. Нiшто iншае не магло б гэтак блiшчаць, ды яшчэ так далёка ўнiзе. Дарога ўжо даўно адхiлiлася ад вертыкалi, i Пiркс быў цяпер метраў за трыста ў баку ад месца, з якога яны пачалi ўзыходжанне. Пашукаў якiх-небудзь больш адметных арыенцiраў там, унiзе. Вяроўка дужа сцiскала яго, было непрыемна, адчуваў сябе блага, цяжка стала дыхаць, i кроў стукала ў скронях. Як мог стараўся запомнiць прыкметы мясцовасцi; той вялiзны валун яго ўдасца пазнаць, хоць зараз ён бачны пад iншым вуглом. Калi нахiлiўся назад да сцяны, яго бiлi дрыжыкi. "Трэба будзе з'язджаць", - сказаў сам сабе i неяк зусiм бяздумна ўзяўся за крук, якi адразу вырваўся са скалы, нiбы сядзеў у масле; яму зрабiлася дзiўна, але схаваў крук у кiшэню i пачаў разважаць, як яму адсюль выбрацца. Гэта ўдалося, хоць i не зусiм гладка: Масена панабiваў на сваiм прыпынку столькi крукоў, колькi здолеў, падкарацiў вяроўку, а Пiркс проста праляцеў метраў з восем каля плiты i павiс; крыху нiжэй была iншая шчылiна i адтуль ужо з'язджалi яны па чарзе; калi Масена спытаў, чаму яны вяртаюцца, Пiркс адказаў:



28 из 31