- Праўда, мсье.

- Думаеш, мне не хацелася б паблукаць сярод зорак? - спытаў Траба.

- Вам, мсье? - Жуль вылупiў на яго вочы.

- Само сабой зразумела. Але я ўжо стары i сiвы i ў сваёй справе таксама праславiўся. Шмат ёсць такога, чаго я рабiць не ўмею i нiколi ўжо не навучуся. Але я стаў майстрам: я пяку цудоўны хлеб.

- Гэта праўда, мсье.

- I не забудзься, - Траба пагразiў пальцам, - гэта не якая-небудзь размазня машыннага замесу ў безансонскай электрычнай пякарнi. Не, гэта сама сапраўдны хлеб, ад душы прыгатаваны жывымi чалавечымi рукамi. I я пяку яго старанна, пяку з любоўю - вось у чым сакрэт. У кожную выпечку я ўкладваю часцiнку свае душы. Таму вось я i майстар. Ты зразумеў?

- Зразумеў, мсье.

- Дык вось, Жуль: людзi прыходзяць сюды не проста купiць хлеба. Канечне, на шыльдзе над маiм акном сказана: "П'ер Траба, пекар". Але гэта, як i належыць, усяго толькi сцiпласць. Бо што вылучае майстра, што для яго характэрна? Сцiпласць!

- Так, мсье Траба.

- Я толькi адчыню печ, па ўсёй вулiцы паплыве дух гарачага хлеба, - i ўжо з усiх бакоў да мяне спяшаюцца людзi са сваiмi кашолкамi. А ведаеш чаму, Жуль? Таму, што яны маюць цудоўны густ i iх ажно нудзiць ад гэтых сырых цаглiн, якiя выдае электрычная пякарня. I яны iдуць сюды купiць плён майго майстэрства. Праўду я кажу?

- Праўду, мсье.

- Тады радуйся: у свой час i ты станеш майстрам. А пакуль што забудземся на зоркi: яны не для нас з табою.

Тут Траба ўстаў з меха i пачаў пасыпаць ацынкаваны стол мукою.

Жуль моўчкi пазiраў на дзверцы печы: там унутры штосьцi гуло, трашчала, сiпела. Пах ад палаючых хваёвых дроў напоўнiў пякарню i заструменiў па вулiцы. Праз нейкi час Жуль адчынiў дзверцы, i ў твар яму дыхнула гарачынёй, раз'юшанай i ўдушлiвай, як полымя, што вырываецца з ракеты.



3 из 10