Фатаграфаванне заняло больш за чвэрць гадзiны. Спачатку гарылы фатаграфавалiся паасобку ў сама рэспектабельных, як яны, мусiць, лiчылi, паставах - некаторыя з выглядам пераможцаў ставiлi нагу на ахвяру палявання, - потым усiм гуртам, абняўшыся за плечы. Пасля гэтага настала чарга самак, i яны таксама доўга выбiралi сабе вытанчаныя, як на iх разуменне, паставы на фоне скрываўленых целаў, гэтак папраўляючы капелюшы з пасмамi прыколатых валасоў, каб тыя вiднелiся выразна.

Жудаснасць гэтага вiдовiшча нашмат перавышала сiлы чалавечага разумення. Нейкi час я стрымлiваўся, хоць кроў так i закiпала ў маiх жылах, але калi адна самка ўселася на труп, каб зняцца больш эфектна за сваiх каляжанак, калi я пазнаў рысы забiтага, якi ляжаў побач з iншымi ахвярамi, юначыя, амаль дзiцячыя рысы майго няшчаснага кампаньёна Артура Левэна, нервы мае здалi, i мае пачуццi зноў вылiлiся ў форму, такую ж недарэчную, як i гэтая жахлiвая сцэна: мяне ахапiла раптам нястрыманая весялосць, i я зарагатаў.

Я i не падумаў пра сваiх суседзяў па клетцы. Я ўвогуле не мог ужо думаць. Але панiка, якая адразу ж узнялася сярод людзей, напомнiла, што мне яны, вiдаць, яшчэ больш небяспечныя, чым нават малпы. Рукi сарорцаў пагрозлiва пацягнулiся да мяне з усiх бакоў. Убачыўшы небяспеку, я пастараўся заглушыць смех, схаваўшы твар у далонi. Мяне, мажлiва, усё роўна задушылi б цi парвалi на кавалкi, калi б некалькi малпаў, якiя пачулi гвалт, не аднавiлi парадак уколамi дзiдаў. Неўзабаве ўвагу ўсiх забрала новая падзея. У шынку зазвiнеў звон, запрашаючы на сняданак. Гарылы, весела перагаворваючыся, рушылi невялiкiмi гуртамi ў дом, а фатограф, зняўшы некалькi разоў людзей у клетках, пачаў складваць свой апарат.

Аднак i мы, людзi, таксама не былi забытыя. Я не ведаў, якi лёс падрыхтавалi нам малпы, але яны вырашылi паклапацiцца пра нас. Перш чым знiкнуць у дзвярах шынка, адзiн пан аддаў нейкi загад другому самцу-гарыле, якi, вiдаць, быў начальнiкам атрада егераў.



38 из 145