
На пачатку лета з Рудні ў Закуцце дарогу будаваць паспрабавалі. Але толькі ў лес паглыбіліся - на тым і работа скончылася: то каток зламаецца, то падшыпнік паляціць, то рабочыя перап’юцца. А брыгаду ж набіралі з усёй вобласці і грошы немалыя давалі. На Сёмуху Пярун маланкай трактар спаліў - нават трактарыст выскачыць не паспеў. Пасля таго закінулі будаўніцтва - і на план плюнулі. Хоць каштарыс выбралі да драбніцы - ляманту было на ўсю рэспубліку, нават кагосьці з мяккага крэсла ў менш камфортнае вытурылі. А на Іллю дажджы-драбнасеі паліліся, размыла ўсё - стаіць той трактар згарэлы да гэтай пары, іржа яго есць.
А дарогі як не было, так і няма.
Туркаў запрасіце - тыя пабудуюць!
АЛЬГЕМОНЫ
БІЯЛАГІЧНАЯ ФАНТАЗІЯ
Чалавечы мозг неаб’ектыўны, часам - вольны. І вока - не аб’ектыў. Навошта ж баяцца адбіткаў падсвядомасці ў рэчаіснасці? Ніхтож не баіцца іху сне! Калі прачнецца...
Аўтар
Ведаеце, хто такія альгемоны? Магчыма, вы нічога пра іх не чулі, але, напэўна, здагадваецеся, што яны існуюць. Я ў гэтым больш дасведчаны, сантэхнік усё ж, - мне і расказваць.
Калі вы жывяце ў горадзе, тым больш - у вялікім, то, хутчэй за ўсё, неаднойчы ў думках цікавіліся, што робіцца ў нябачнай і, мяркую, малапранікальнай для чалавека частцы гэтага горада - сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі. Гэта ж цэлы сусвет, які ў выглядзе каркаса, шкілета, адбітка адлюстроўвае горад ва ўсіх яго найтанчэйшых праявах!
Вы запытаецеся: як можна нейкім там водаправодам ці, скажам, каналізацыяй скапіраваць непаўторнасць нашых тыповых кватэр, размах шырокіх вуліц і ўтульнасць крывых завулкаў? Ды гэтак жа вытанчана і элегантна, як барадаты мастак-графік, які сядзіць на зэдліку-складанчыку ў падземным пераходзе, намаляваў бы ў гэтую хвіліну ваш недаверліва-бязглузды твар камбінацыяй ліній агрызка простага алоўка!
