Ішоў час, мяняліся князі, каралі, цары, генсекі, прэзідэнты, аб’яўляючы Закуццю сваю ўладу над ім. А Закуцце не мянялася. Ну не так, каб ужо зусім. Раз’язджаліся па гарадах і менш глухіх вёсках дзеці, а потым прывозілі на канікулы ўнукаў. Адукаваныя, трэба сказаць, і прывозіць стараліся як мага радзей: балотнае паветра не шкодзіла толькі карэнным жыхарам. А ва ўнуках закуцянская кроў часцей за ўсё была перамяшана з іншаю крывёю, таму яны не заўсёды мелі імунітэт. Быў у вёсцы і свой бізнесмен: Галька, Фядотава дачка, прыватная прадпрымальніца, прывозіла ўсякага-усялякага ад дзежынскіх аптавікоў - іголкі, тканіны, крупы, цукар... А потым калупалася, як усе, на агародзе, хадзіла ў журавіны і гандлявала патроху. І не тое, каб дзеля прыбытку вялікага, а па традыцыі - дзед некалі лабаз у Рудні меў. Былі ў Галькі і цукеркі, і кансервы, і жуйкі, і казённае віно, і цыгарэты. Старыя збольшага самі тытунь вырошчвалі і ў самакруткі круцілі. А мужчыны сярэдняга ўзросту, якія па свеце пабадзяліся, ды так нідзе і не прыжыліся, а да таго ж паспіваліся, - тыя аддавалі перавагу смярдзючай “прыміне”. Жыў у Закуцці і брыгадзір Саша. Адгрукаў сабе цагляны дом - цэглу давялося з Рудні на трактары цягнуць, сцежкі на падворку асфальтам закатаў. Жонку з Дзежына ўзяў. Жонка, аднак, доўга не вытрымала, збегла з дачкой. А Саша мужчынскі гонар не страціў - услед не рвануўся. І з жаночым полам пытанне вырашыў: заляцаўся да Галькі, мужык якой пятнаццаць гадоў па новабудоўлях валэндаўся. А было, што і яна Сашу наведае - быццам бы па справе нейкай. Загамоняцца і начуюць разам.

У гэтую вёсачку і дабіраўся сталічны карэспандэнт Кірыл Градоўскі - “залатое пяро” газеты “Сенсацыя і будзённасць”. Суправаджаў яго рудзенскі беспрацоўны валацуга Мішка, які прапанаваў свае паслугі непасрэдна на аўтавакзале і авансам адразу ж раскруціў карэспандэнта на пляшку піва. Ішоў Градоўскі па заснежанай дарозе, стараючыся трапляць у касалапыя і пятлістыя сляды Мішкі, закрываўся каўняром дублёнкі ад пранізлівага сіверу.



4 из 200