Карэспандэнт працягнуў пачак.

- Далёка яшчэ?

- Дойдзем! - упэўнена адказаў Мішка і хрыплавата рагатнуў: - Са мной не прападзеш... Але гора цяпнеш!

З лесу выйшлі прыцемкамі. Канец вёскі быў ужо відзён, але Паўлючыха жыла ў другім канцы. Пакуль праходзілі па вёсцы, Мішка- праваднік несупынна здароўкаўся з мясцовымі, да некаторых лез абдымацца. Ён і сам нарадзіўся ў Закуцці, пасля арміі пераехаў у Рудню і ўладкаваўся на металабазу. Звольніўся за п’янку - і пачаў бічаваць, дзе лілося, і бамжаваць, адкуль не гналі. А правадніцтва лічыў сваёй работай. Ведаў, што з гэтага не разбагацееш, але жыць будзеш: калі-нікалі і пад’ясі, і вып’еш, і тыіуню нюхнеш.

У хату і нават на падворак Мішка заходзіць не рызыкнуў. Відаць, баяўся па старой звычцы. Т аму і гаварыў паўшэптам:

- Я яшчэ ў кароткіх штоніках бегаў, а яна ўжо старой была. Так можа зірнуць, што ляснешся на месцы! І не глядзіць, а ўсё ведае: што зрабіў і што надумаў. П’яніц страшэнна не любіць! Сакалішын мужык неяк каля яе плота замерз. Вось тут прама, - Мішка тыцнуў пальцам. - Прыкавала, далей не пусціла! І свайго мужыка, Паўлюка, атруціла, кажуць. Запіваў ён пасля фронту. А нап’ецца - сядзіць і сам сабе плача. Рахманы быў... Толькі адзіны разок на яе нешта гыркнуў. Каб баба месца сваё ведала, ці што. Вось яна яго і атруціла. Праз чортавы вароты не ідзі - не пашанцуе.

Падгнілыя дэшкі франтона цяжарам замеценай снегам чарацяной страхі ўжо зламалі праржавелыя цвікі - і аконны праём гарышча перакасіўся да зігзагападобнага паралелаграма.

Градоўскі адкалупнуў заледзянелую анучу, што была накінута на шэры кол веснічак і шулку, і накіраваўся па хрусткім некранутым снезе да нізенькіх дзвярэй. На ўсялякі выпадак далікатна пастукаўся і ўвайшоў у цёмныя халодныя сенцы. З сумежнага з сенцамі хлява пачулася ўстрывожанае кудахтанне. Сослепу Кірыл наскочыў на вядро, якое з бразгатам перакацілася па нахіленай падлозе ў куток.

Сцягнуў пальчатку і пашнарыў па дзвярах, шукаючы клямку. Знайшоў, зноўку пастукаўся, пераступіў цераз высокі, ледзь не па калена, парог і, прыгнуўшыся, увайшоў.



6 из 200