
- Бачыш у небе агнi, Том?
- Ага, сэр.
- Феерверк бачыш?
- Бачу.
- Гэта зусiм не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае лiпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень - свята незалежнасцi. Чалавек абвясцiў, што ён вольны ад Зямлi. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скiнута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная "рымская свечка" ляцiць на Марс. А той чырвоны агеньчык - ракета з Венеры. I яшчэ - бачыш, колькi iх? - жоўтыя, блакiтныя. Гэта мiжпланетныя караблi.
Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велiкан, зачараваны шматкаляровымi агнявымi цудамi, што зiхацяць i кружаць у лiпеньскiм змроку, i загараюцца, i разрываюцца з аглушальным трэскам.
- Якi цяпер год?
- Год ракеты. Глядзi! - Стары дакрануўся да нейкiх раслiн, i ў яго пад рукою яны раптам расцвiлi. Кветкi былi нiбы белае i блакiтнае полымя. Яны палалi, iскрылiся халаднаватымi падоўжанымi пялёсткамi. Чашачкi iхнiя былi футы два ўпоперак i холадна сiнелi, быццам асеннi месяц. - Гэта кветкi з Месяца, - сказаў Фiлд. - З таго боку Месяца. - Ён злёгку дакрануўся да iх, i яны асыпалiся сярэбраным дажджом, пырснулi белыя iскры i расталi ў паветры. Год ракеты. Вось табе адпаведная назва, Том. Вось чаму мы перанеслi цябе сюды: ты нам патрэбны. Ты адзiны чалавек, якi здольны саўладаць з Сонцам i не ператварыцца ў нiкчэмную жменьку попелу. Мы хочам, каб ты забаўляўся з Сонцам, як з мячыкам, - з Сонцам, i з Зоркамi, i з усiм, што ўбачыш па дарозе на Марс.
- На Марс? - Томас Вулф азiрнуўся, схапiў старога за плячо, нахiлiўся, недаверлiва ўзiраючыся яму ў твар.
- Так. Ты ляцiш сёння ў шэсць.
Стары ўзняў ружовы бiлецiк, якi, здавалася, аж трапятаў у паветры, i чакаў, калi Том здагадаецца яго ўзяць.
Было пяць гадзiн.
- Так-так, вядома, я вельмi цаню ўсё, што вы зрабiлi! - усклiкнуў Томас Вулф.
- Сядзь, Том. Перастань бегаць з кутка ў куток.
- Дайце дагаварыць, мiстэр Фiлд, дайце мне закончыць, я павiнен выказаць усё да канца.
