Трыкатажны касцюм пад скафандрам быў увесь прапацелы. Скiнуў яго i штурхануў шафу. Яна адсунулася, у нiшы за ёй блiшчалi сцены мiнiяцюрнай душавой. На падлозе пад душам ляжала вялiзная пляскатая скрынка. З цяжкасцю вынес яе ў пакой. Калi апускаў на падлогу, века яе адскочыла, нiбы было на пружыне, i я ўбачыў асобныя аддзяленнi, запоўненыя дзiўнымi экспанатамi: шмат скарыкатураных альбо толькi першасных нарыхтовак iнструментаў з цёмнага металу, часткова падобных на тыя, што ляжалi ў шкапчыках. Усе яны былi не для ўжытку, недапрацаваныя, скрыўленыя, аплаўленыя, быццам вынесеныя з пажару. Сама дзiўнае, што гэткiя ж сляды пашкоджання былi нават на керамзiтавых, практычна не плаўкiх ручках. Нiводная лабараторная печ не давала тэмпературы для iх плаўлення - хiба што ўнутры атамнага рэактара. З кiшэнi свайго развешанага скафандра я дастаў малы iндыкатар выпраменьвання, але яго чорная галоўка маўчала, калi я наблiзiў яе да гэтых дзiўных iнструментаў.

Я быў толькi ў плаўках i сеткаватай майцы. Скiнуў i iх, шпурнуў на падлогу, як анучы, i стаў пад душ. Адразу адчуў прыемнасць. Я круцiўся пад пругкiмi гарачымi струменямi, масiраваў цела, пырскаўся так старанна, нiбы хацеў змыць з сябе тую незразумелую, атраўленую падазрэннямi няпэўнасць, што перапаўняла Станцыю.

Я знайшоў у шафе лёгкi трэнiровачны касцюм, якi можна насiць i пад скафандрам, пераклаў у кiшэнi ўвесь мой скупы набытак; памiж старонкамi запiсной кнiжкi я адчуў штосьцi цвёрдае, гэта быў ключ ад маёй зямной кватэры, але я не ведаў, як ён трапiў туды. З хвiлiну я круцiў яго ў пальцах, не ведаючы, што з iм рабiць. Нарэшце паклаў на стол. Пасля прыйшло ў галаву, што, магчыма, мне спатрэбiцца якая-небудзь зброя. Унiверсальны сцiзорык, вядома, не зброя, але нiчога iншага я не меў. Аднак я не быў яшчэ ў такiм стане, каб шукаць прамянёвую зброю альбо што-небудзь iншае. Я ўсеўся ў металiчнае крэсла пасярод вызваленай ад рэчаў плошчы, далей ад розных прадметаў. Хацелася пабыць аднаму.



12 из 186